Яшчэ ў пачатку 2000-х у нашай краіне не было ніводнага аквапарка, цяпер жа іх колькасць пераўзышла дзясятак. Некаторыя з аквапаркаў сваімі памерамі больш нагадваюць вялікі басейн, але тое надае ім нейкай сваёй утульнасці. Чатыры з адзінаццаці аквапаркаў размяшчаюцца ў Мінску. Астатнія — у Маладзечне, Гродне, Кобрыне, Пружанах, Ружанах і ў Жлобіне.

Найбольш наведвальны з аквапаркаў Беларусі — аквапарк «Лебядзіны»

Пяты па велічыні ў Еўропе аквапарк, «Лебядзіны» з дня адкрыцця ў 2014 годзе штодзень змяшчае на сваіх чатырох паверхах сотні людзей. Адначасова там могуць знаходзіцца дзве тысячы чалавек. «Лебядзіны» — гэта сапраўдны комплекс забаў і магчымасцяў для адпачынку на беразе вадасховішча «Дразды». Апроч вялікага басейна, частка якога выходзіць на вуліцу, аквапарк змяшчае вялікі СПА-комплекс з сямю рознымі лазнямі, саляным пакоем, купеллю, асобным басейнам з джакузі і гідрамасажам розных відаў. Аквазона — частка аквапарка па-за СПА-комплексам — таксама мае разнастайныя джакузі, гідрамасажныя душы, фудкорт, дзіцячыя забаўляльныя зоны, сёрфінг-трэнажор і, вядома, горкі-атракцыёны. Горак у закрытай і адкрытай зонах адзінаццаць. Усе яны рознай даўжыні і вышыні, самая вялікая — чырвоная горка — мае даўжыню амаль 210 метраў. На большасці з іх можна катацца аднаму, але на некаторыя пускаюць толькі парамі. Таму лайфхак: калі зберацеся на атракцыёны ў «Лебядзіны», лепей ісці кампаніяй з цотнай колькасцю людзей.

Як даехаць да аквапарка «Лебядзіны»?

Аквапарк «Лебядзіны» знаходзіцца па адрасе г. Мінск, праспект Пераможцаў, 120. Даехаць можна аўтобусам №119х з чыгуначнага вакзала, або каля станцыі метро Няміга сесці на аўтобус №1, даехаць да прыпынку «Гвардзейская», а там перасесці на аўтобус №44 або №136.

waterpark.by

waterpark.by

Графік работы аквапарка «Лебядзіны»

«Лебядзіны» працуе з 9:00 да 23:00, фітнэс-цэнтр пры аквапарку па буднях пачынае работу ад 6:45 ранку.

Цэны ў аквапарку «Лебядзіны»

Цэны розныя, у залежнасці ад паслугаў і працягласці знаходжання. Напрыклад, квіток для дарослага з панядзелка па чацвер з трохгадзінным знаходжаннем у аквазоне будзе каштаваць 35 рублёў. Ёсць зніжкі для непаўналетніх, пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І хаця цэны ў «Лебядзіным» многімі ацэньваюцца як высокія, аквапарк ці не ўвесь час ладзіць акцыі са зніжкамі ў 50%, а то і болей. Часам для зніжкі прапануецца купіць нумар газеты «Прэсбол», некалі прынесці чэк з крамаў «Міла» ці «Радзівілаўскі» або з пэўных аўтазаправак. Некаторыя з акцый прадстаўленыя на сайце аквапарка. Афіцыйны прэйскурант можна паглядзець тут.

Тэлефоны аквапарка «Лебядзіны»

Кансультацыйны call-цэнтр працуе ад 10:00 да 21:00. Звязацца можна па тэлефонах: +375 (17) 279-84-45; +375 (44) 505-65-10.

Нядаўна ўзніклы аквапарк пад адкрытым небам — аквапарк Dreamland

На тэрыторыі 9 гектараў размясцілася некалькі басейнаў і розныя па экстрэмальнасці водныя горкі. Самыя высокія з іх — дваццаціметровыя «Вікторыя» і «Катрына». Многім даспадобы атракцыён «Бумеранг» — горка з эфектам зваротнага падзення. Дызайнам «Дрымлэнд» нагадвае гэткую трапічную выспу ў цэнтры Беларусі.

Уся тэрыторыя падзеленая на адмысловыя зоны. Тут можна паплаваць па штучнай плыні, пагуляць у валейбол ці пазагараць на шэзлонгу з кнігай. Ёсць і дзіцячы гарадок, дзе дзяцей забаўляюць прафесійныя аніматары.

У «Дрымлэндзе» рэгулярна праходзяць рознамаштабныя імпрэзы і фестывалі. Каб не прапусціць падзею, якая вам па душы, найлепш сачыць за старонкай Укантакце, бо сайт «Дрымлэнда» тэмай аквапарка па стане на ліпень 2018 года абнаўляць не спяшаюцца.

dreamland.by

dreamland.by

Як даехаць да аквапарка Dreamland?

Адрас аквапарка: г. Мінск, вул. Арлоўская, 80. Калі дабірацца грамадскім транспартам, то самы просты спосаб — сесці на аўтобус №1 каля чыгуначнага вакзала, станцыі метро Няміга або на іншым зручным прыпынку па гэтым маршруце. Ехаць «адзінкай» патрэбна да прыпынку «Плошча дзяржаўнага сцяга». Праз дарогу ад месца прыезду пабачыце комплекс Dreamland.

Графік работы аквапарка Dreamland

Аквапарк «Дрымлэнд» працуе ад панядзелка па нядзелю па аднолькавым графіку: ад 10:00 да 21:00.

Цэны ў аквапарку Dreamland

Дарослы наведвальнік можа цэлы дзень плаваць за 19 рублёў. Ёсць розныя тарыфы (актуальны прайс тут). Імяніннікаў і дзяцей да трох гадоў пускаюць бясплатна. Ёсць розныя зніжкі, бачыць іх можна на сайце аквапарка або маніторыць на Slivki.by.

Кантакты аквапарка Dreamland

Задаць пытанні «Дрымлэнду» можна праз інфалінію (+375 (29) 115-01-76, +375 (17) 369-74-01) або па электроннай пошце ([email protected]).

Аквапарк «Фрыстайл»

Мінскі «Фрыстайл» адметны як мінімум дзвюма рэчамі. Па-першае, гэта рэдкі выпадак, калі не самы маленькі аквапарк размяшчаецца проста ў цэнтры горада. Па-другое, пад яго купалам аб'яднаныя не толькі атракцыёны водных забаў ды лазнева-тэрмальная зона для наведнікаў, але і прафесійны крыты комплекс для фрыстайлістаў. Ёсць магчымасці для трэніровак і спаборніцтваў па скачках з трампліна і сінхронным плаванні: можна трэніравацца самому, а калі не, то паглядзець, як займаюцца адмыслоўцы.

Для дарослых тут маецца вялікі басейн з шасцю горкамі, більярд, боўлінг, атракцыён «гідраўлічная катапульта», што выштурхвае чалавека моцным напорам вады ў невялікі басейн. Маецца трэнажорная зала, фітнес, аквааэробіка, кавярня і некалькі бараў. Дзіцячая зона абсталяваная водным гарадком з двума басейнамі і міні-кафэ.

Правілы аквапарка не дазваляюць праносіць на тэрыторыю ежу ды напоі. На некаторыя паслугі трэба запісвацца загадзя. З усімі правіламі можна азнаёміцца па спасылцы.

free-style.by

free-style.by

Як даехаць да аквапарка «Фрыстайл»?

Аквапарк «Фрыстайл» размяшчаецца ў Мінску па вуліцы Сурганава, 4а, недалёка ад ст.м. Акадэмія Навук. Даехаць можна як на метро, так і наземным транспартам.

Графік работы аквапарка «Фрыстайл»

Аквазона «Фрыстайла» па выхадных працуе з 9:00 да 22:00. З аўторка па пятніцу — з 11:00 да 22:00. У панядзелак — з 15:00 да 22:00. Працоўны графік розных зон аквапарка адрозніваецца, спраўдзіць час працы можна на сайце.

Цэны ў аквапарку «Фрыстайл»

Згодна з афіцыйным прайсам, тры гадзіны ў аквапарку ў будні дзень даросламу (16+) будуць каштаваць 25 рублёў (па стане на ліпень 2018 г.). Усе актуальныя цэны можна паглядзець тут. І не забывайцеся сачыць за акцыямі!

Тэлефоны аквапарка «Фрыстайл»

Асноўны тэлефон аквапарка (+ лазнева-тэрмальны комплекс): +375 (17) 287-97-00. Лінія працуе адпаведна з працоўным графікам аквапарка, з перапынкам на абед ад 12:30 да 13:15.

Аквапарк гасцініцы «Беларусь»

Водны комплекс гасцініцы «Беларусь» многія звыкла называюць гучным словам «аквапарк». У той аквапарк уваходзіць басейн з чатырма саўнамі, джакузі, горкай сярэдняй вышыні, падводныя масажныя падушкі і дадаткова трэнажорная зала. Інтэр’ер басейна аздоблены мазаічным палатном «Беларусь» народнага мастака Аляксандра Кішчанкі.

Сярод водгукаў наведнікаў нямала нараканняў на бруд, але і нямала высокіх ацэнак пра ветлівасць персаналу. Таксама некаторыя адзначаюць кепскую адаптаванасць басейна для людзей з вялікай вагой: «Калі вы важыце больш за 90 кілаграм, лепш не спускайцеся з горкі, бо з яе вы вылеціце ў басейн паўметровай глыбіні і, хутчэй за ўсё, стукніцеся аб дно».

Правілы воднага комплекса не дазваляюць праносіць на сваю тэрыторыю напоі ў шкляной тары і ежу (у любой упакоўцы).

hotel-belarus.com

hotel-belarus.com

Як даехаць да гасцініцы «Беларусь»?

Гасцініца «Беларусь» знаходзіцца ў цэнтры сталіцы на беразе ракі Свіслач. Даехаць можна як на метро да станцыі Няміга, так і наземным транспартам, напрыклад, раз на 5 хвілін ходзяць аўтобусы №1 і №69 (прыпынак «Гасцініца Юбілейная»).

Графік работы аквапарка ў гасцініцы «Беларусь»

Працоўны графік у панядзелак: ад 14:00 да 22:00. З аўторка па нядзелю: ад 7:00 да 22:00.

Цэны ў аквапарку гасцініцы «Беларусь»

Вечаровы сеанс для дарослага на дзве гадзіны будзе каштаваць 16 рублёў. Даюць зніжку 20% па студэнцкім білеце. Увесь прэйскурант глядзіце тут.

Тэлефоны гасцініцы «Беларусь»

Звязацца з фізкультурна-аздараўленчым комплексам (менавіта так гэта ўсё называецца) можна ў працоўныя гадзіны па тэлефонах: +375 17 209-71-62; +375 17 209-71-73; +375 29 198-49-59.

Аквапарк «Маладзечна»

Знаходзіцца, як можна здагадацца, у Маладзечне. Абсталяваны лазнева-тэрмальным комплексам і дзіцячай зонай. Мае тры горкі і вялікі басейн, джакузі і звычайны масаж, турэцкую лазню і саўну. Таксама комплекс абсталяваны трэнажорнай залай і іншымі спартовымі пляцоўкамі, у тым ліку катком і тэнісным кортам. Для харчавання ёсць кавярня і два бары.

kraj.by

kraj.by

Як даехаць да аквапарка «Маладзечна»?

Лядовы палац з усім комплексам паслуг размяшчаецца ў горадзе Маладзечна (Мінская вобласць) па адрасе вул. Вялікі Гасцінец, 102. Да самога горада зручней за ўсё даехаць цягніком ці маршруткай. Ад вакзала ходзіць аўтобус №10 (прыпынак «Электрамодуль»).

Графік работы аквапарка ў Маладзечна

З панядзелка па пятніцу аквапарк працуе з 15:00 да 21:00, у суботу і нядзелю — з 12:00 да 21: 00.

Цэны ў аквапарку «Маладзечна»

Сеанс на 45 хвілін для дарослых каштуе 4 рублі 70 капеек. Дзецям да 16 гадоў — 3 рублі 40 капеек.

Тэлефоны аквапарка «Маладзечна»

+375 (176) 74-61-88; +375 (176) 70-73-66.

Аквацэнтр у Гродне

Адзін з першых водных паркаў у краіне. Ён прапануе больш за трыццаць відаў спартыўна-аздараўленчых паслуг: тры басейны з рознай тэмпературай вады, трамплінамі і воднымі атракцыёнамі, каскадамі, гейзерамі, джакузі, гідрамасажам. Ёсць спа-паслугі з трыма лазнямі, тры горкі і таксама дзіцячы басейн. Для харчавання прадугледжаныя кавярня і бар.

holiday.by

holiday.by

Як даехаць да аквапарка ў Гродне

Адрас аквацэнтра: г. Гродна, вул. Горкага, 82. Грамадскім транспартам трэба ехаць да прыпынку «Медычны ўніверсітэт». Туды ходзіць шмат аўтобусаў і маршрутак. Ад чыгуначнага вакзала, напрыклад, можна даехаць нумарамі 15, 15т і 8т.

Графік работы аквапарка ў Гродне

Час працы з панядзелка па суботу: з 7:00 да 22:00. У нядзелю: з 10:00 да 22:00.

Цэны аквацэнтра ў Гродне

За гадзіну плавання дарослы тут заплоціць 6,50 рублёў, дзіця ад 4 да 16 гадоў — 6 рублёў. Усе цэны глядзіце на сайце.

Тэлефоны аквацэнтра ў Гродне

+375 (33) 388-96-44; +375 (29) 639-06-00.

Аквапарк «Азёрны»

Першы ў Беларусі аквапарк з чатырма горкамі, басейнам, рускай і турэцкай лазнямі, саўнай, кавярняй. Знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя «Азёрны» (аграгарадок Азёры Гродзенскага раёна). Асаблівасць басейнаў аквапарка — інавацыйная тэхналогія ачысткі вады натуральнай соллю.

prigranice.by

prigranice.by

Як даехаць да аквапарка «Азёрны»

Даехаць да «Азёрнага», не маючы аўтамабіля, праблематычна. Рэйсавыя аўтобусы з Гродна ходзяць толькі па серадах, пятніцах і нядзелях (6:00 і 15:15). У Гродне аўтобус спыняецца на прыпынку на праспекце Касманаўтаў (недалёка ад аўтавакзала), канцавы пункт «Парэчча», выходзіць трэба на прыпынку «Азёрны». Адрас аквапарка (як і санаторыя): Гродзенскі раён, аграгарадок Азёры, санаторый «Азёрны».

Графік работы аквапарка «Азёрны»

Аквапарк і басейн у буднія дні працуюць з 15:30 да 22:00. У выхадныя і святы: з 11:30 да 22:00. Графік работы саўн з панядзелка па пятніцу: 18:00 — 22:00, у суботу-нядзелю: 15:00 — 22:00.

Цэны ў аквапарку «Азёрны»

Даросламу хвіліна наведвання аквапарка абыдзецца ў 10 капеек, дзецям — 8 капеек. Імяніннікаў з пашпартам пускаюць бясплатна.

Тэлефоны аквапарка «Азёрны»

Тэлефон касы: + 375 (152) 798-774.

Аквапарк «Кобрын»

У кобрынскім аквапарку прадстаўленыя чатыры горкі, два джакузі і саўна. У тым жа комплексе ёсць водагразелячэбніца.

top2.by

top2.by

Як даехаць да аквапарка «Кобрын»

Адрас аквапарка: Брэсцкая вобласць, г. Кобрын, вул. Гастэлы, 15. Схему праезду можаце паглядзець на сайце аквапарка.

Графік работы аквапарка ў Кобрыне

Басейн з атракцыёнамі працуе з панядзелка па чацвер ад 12:00 да 22:00, у пятніцу — з 12:00 да 23:00, у суботу — з 10:00 да 23:00, у нядзелю — з 10:00 да 22:00. Час працы астатніх паслуг глядзіце на старонцы.

Цэны ў аквапарку «Кобрын»

Гадзіна ў аквапарку даросламу абыдзецца ў 9 рублёў, дзецям — 6 рублёў. Усе цэны тут.

Кантакты аквапарка «Кобрын»

З адміністратарам аквапарка можна звязацца па тэлефоне: +375 (1642) 232-88. Або па электроннай пошце: [email protected].

Аквапарк «Пружаны»

Аквапарк з дзвюма горкамі, фантанамі, атракцыёнамі, басейнам, саўнамі, джакузі, дзіцячай зонай. Маецца таксама трэнажорная зала, більярд, настольны тэніс, бадмінтон.

probelarus.by

probelarus.by

Як даехаць да аквапарка «Пружаны»

Адрас аквапарка: Брэсцкая вобласць, г. Пружаны, вул. Завадская, 19. З аўтастанцыі ходзяць аўтобусы №6, №8 і №9.

Графік работы аквапарка ў Пружанах

Панядзелак: з 14:00 да 22:00. Аўторак — нядзеля: з 10:00 да 22:00.

Цэны ў аквапарку «Пружаны»

Гадзіна для дарослага (толькі ў аквапарку) каштуе 4 рублі 80 капеек, для дзіцяці — 3 рублі 60 капеек. Цэны на ўсе паслугі глядзіце на сайце.

Кантакты аквапарка «Пружаны»

Тэлефон касы: +375 (1632) 96-1-22.

Аквапарк «Ружанскі»

Прадстаўлены горкамі, дзіцячай зонай, комплексам лазняў (фінская, руская, турэцкая), плавальным басейнам. Знаходзіцца пры санаторыі «Ружанскі».

probelarus.by

probelarus.by

Як даехаць да санаторыя «Ружанскі»

Санаторый знаходзіцца ў вёсцы Заполле Пружанскага раёна. Інструкцыю, як даехаць, можаце зірнуць тут.

Цэны ў аквапарку «Ружанскі»

Гадзіна наведвання аквапарка абыдзецца ў 4 рублі 50 капеек. Цэны на ўсе паслугі глядзіце на сайце.

Тэлефоны аквапарка «Ружанскі»

Для званкоў з Беларусі: +375 (1632) 33-4-26. Іншыя нумары на сайце.

Аквапарк «Жлобін»

Адзін з самых вялікіх аквапаркаў Беларусі, дзе знаходзіцца экстрэмальная спіральная горка «Табаган» (72 метры). Таксама аквапарк мае два басейны няправільнай формы з горкамі, дзіцячай зонай, фінскай саўнай і турэцкай лазняй.

holiday.by

holiday.by

Як даехаць да аквапарка «Жлобін»

Адрас аквапарка: Гомельская вобл., г. Жлобін, вул. К. Маркса, 3/1. Ад чыгуначнай станцыі да аквапарка можна даехаць аўтобусамі №3 і №4 (прыпынак «Лядовы палац»).

Графік работы аквапарка ў Жлобіне

З серады па пятніцу аквапарк працуе ад 11:00 да 21:00, у суботу і нядзелю — з 10:00 да 21:00. У панядзелак і аўторак аквапарк не працуе.

Цэны ў аквапарку «Жлобін»

У будні дзень дарослым і дзецям ад 15 гадоў за 1,5 гадзіны ў аквапарку давядзецца заплаціць 6 рублёў 50 капеек. Дзяцей да 5 гадоў пускаюць бясплатна. Увесь прэйскурант глядзіце на сайце.

Кантакты аквапарка «Жлобін»

Звязацца з аквапаркам можна па тэлефонах: +375 (2334) 50051; +375 (44) 587-00-51. Або праз электронную пошту: [email protected], [email protected].

Прыемнага вам адпачынку!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?