На гродзенскім сметніку буслы жывуць ужо некалькі гадоў. Колькасць птушак на звалцы з часам не змяншаецца. Побач з бусламі харчуюцца чайкі, шэрыя журавы і вароны. Такім чынам птушкі змяняюць свае паводзіны пад уплывам суседства з горадам. Буслы з Іспаніі і Партугаліі з тае нагоды нават перасталі адлятаць у вырай. Як могуць змяніцца паводзіны беларускіх буслоў, Hrodna. life запытаў у арнітолага Дзмітрыя Вінчэўскага.

Яны не ведаюць, што будзе зіма

«Паводзіны буслоў змяняюцца і гэта нармальна. Бо птушкі, каторыя не змогуць адаптавацца да новых умоваў, папросту знікнуць, ці стануць рэдкімі», — распавядае Вінчэўскі.

З яго словаў, беларускія арнітолагі ведаюць пра змены паводзін буслоў з Партугаліі і Іспаніі і адсочваюць, ці не зменяцца паводзіны мясцовых птушак падобным чынам. Пакуль гэтага не адбываецца. Прынамсі летась буслы са сметніка паляцелі ў вырай адначасова з астатнімі.

«Большасць людзей вераць, што птушкі баяцца зімы і таму адлятаюць. Але птушкі зімы ніколі не бачылі і не мелі шанцаў яе пабачыць. Яны адлятаюць нашмат раней, калі ўсё яшчэ квітнее і пачынаецца бабіна лета».

Аказваецца, збіраючыся ў вырай, птушкі рэагуюць на скарачэнне светлавога дня, а зусім не на пахаладанне. «Яны можа нават не ведаюць, што ў нас будзе зіма». Магчыма, змены ў паводзінах буслоў з Партугаліі і Іспаніі — гэта вынік зменаў у генах, што замацаваліся пад уплывам новых умоваў жыцця. Маўляў, зараз яно такое, што харчавацца на сметніку — найлепшы выбар.

Першы — лепшы

«Для птушак важна заняць добрае месца для гнездавання першымі. Тыя, што не адлятаюць, маюць перавагу. Яны трымаюць свае месцы. А ежы на сметніках дастаткова круглы год. Так што для партугальскіх і іспанскіх буслоў такая стратэгія паводзінаў апраўдалася. Перастаўшы лятаць на зімоўку, яны павялічылі колькасць мясцовай папуляцыі ў 2−3 разы».

У Беларусі пакуль назіралі толькі адзінкавых буслоў, што заставаліся зімаваць дома. Раней адназначна лічылася, што гэта слабыя ці хворыя птушкі.

«Зараз сітуацыя змянілася. Магчыма, гэта таксама наступствы генетычных зменаў, якія могуць замацавацца ў наступных пакаленнях. Польскія арнітолагі лічаць, што з часам колькасць такіх птушак будзе павялічвацца, што буслы змогуць зімаваць і выжываць дома».

Душа бусла — поцемкі

Увогуле, птушкам патрэбны дзве рэчы — месца і дастатковая колькасць даступнага харчавання. Сметнік для іх — найвыгоднейшая сталоўка. «Свежая» ежа з’яўляецца тут кожныя паўгадзіны. Прыкладна так часта пад’язджаюць смеццявозы. Бачна, што буслы іх чакаюць і зусім не баіцца тэхнікі.

Большасць птушак жыве на сметніку, ці побач з ім. Гэта маладыя буслы, каторым па 2−3 гады. «Ім адлятаць нікуды не трэба. Паеў - і адпачывай, лятай побач з іншымі». Суседствам з гарадской звалкай тлумачыць Вінчэўскі і нядаўню навіну пра рэзкае павелічэнне колькасці буслоў у вёсцы Пад’ятлы. Ад яе да звалкі паўкіламетра.

Іншыя птушкі прылятаюць на сметнік толькі харчавацца. «Цяжка сказаць, наколькі далёка ад сметніка яны гняздуюцца, але адлятаюць многія ў бок Польшчы».

Мяжа — не для буслоў

Па словах арнітолага, на гродзенскім сметніку пасяліліся не толькі беларускія буслы. Прынамсі некалькі птушак паходзяць з Польшчы і Германіі. Вызначылі гэта па каляровых пластыкавых кольцах на іх лапах.

«Маладыя птушкі павінны знайсці сабе новую тэрыторыю. Пасля выраю бацькі звычайна вяртаюцца на старое гняздо, а маладыя шукаюць іншае месца. Таму палёты па-за межы роднага краю для іх цалкам нармальныя». Адлегласць у 500−600 кіламетраў - усяго пара дзён лёту для бусла.

Цікавых пытанняў шмат

Змены ў паводзінах буслоў даюць падставы для роздумаў, але адказаў на шматлікія пытанні пакуль няма.

«Без змены методыкі назірання за птушкамі знайсці адказы цяжка. Калі б большасць з іх была акальцавана, ці мела нейкія перадатчыкі, то дакладна можна было б прасачыць, як і што адбываецца. Пакуль усе нашы тэорыі наконт буслоў - з большага здагадкі і домыслы. Яны могуць аказацца праўдзівымі, а могуць — не».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?