«Раённае ўпраўленне па адукацыі шчыльна супрацоўнічае з турэцкім пасольствам. Яны нам дадуць педагога. Ахвотных трапіць у такую групу, як выявілася, шмат, — падзялілася планамі загадчыца садка Алена Ласевіч, пішуць «Мінск-навіны». — Акрамя таго, плануем больш паглыблена вывучаць беларускую мову. Для такіх дзетак нават пасцельную бялізну выбралі з нацыянальнай сімволікай».

«Наша Ніва» патэлефанавала ў сталічны камітэт адукацыі, каб распытаць, ці значыць гэта, што ў садку будуць працаваць беларускамоўныя групы.

«Дадатковая адукацыя будзе ажыццяўляцца па запыце бацькоў. Сёння вывучаецца попыт на тое, якую мову дзіця хоча вывучаць дадаткова.

Калі заяваў ад бацькоў для фарміравання групы дастаткова, то ўпраўленнем адукацыі прызначаецца выкладчык, які будзе выкладаць беларускую, турэцкую, англійскую або іншыя мовы. Такая паслуга платная, бо дадатковае вывучэнне мовы лічацца пазабюджэтнай паслугай»,

— адказала намесніца начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая.

То бок беларуская мова будзе вывучацца ў беларускіх садках платна?!

У Міністэрства адукацыі такому каментару сталічных чыноўнікаў здзівіліся:

«Што? Беларуская мова не можа прыраўняцца да вывучэння турэцкай ці англійскай, гэта бязглуздзіца, — тлумачыць намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення па агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч. — Усе навучальныя праграмы напісаныя ў тым ліку і на беларускай мове, і вывучэнне беларускай мовы як дзяржаўнай прадугледжанае праграмамі і тыпавым вучэбным планам». 

Больш за тое, перад новым навучальным годам мы папрасілі камітэты па адукацыі ўсіх раёнаў уключыць у дакументы, якія запаўняюць бацькі пра паступленні ў дзіцячы садок, слупок з абавязковым удакладненнем, на якой мове хоча навучацца дзіця.

«Але калі бацькі выбіраюць беларускую мову, гадзіны вывучэння рускай мовы таксама ў планах таксама прадугледжаныя. Як і наадварот. Ці будуць у садку №18 працаваць цалкам беларускамоўныя групы, я адказаць не магу. Садок толькі адчыняецца, усё будзе залежаць ад колькасці заяў ад бацькоў».

Што тычыцца вывучэння турэцкай мовы, Альбіна Давідовіч адказала:

«Кодэксам аб адукацыі прадугледжанае навучанне на мове нацыянальнай меншасці, але ў Мінску сёння працуе толькі адна такая група, дзе навучанне вядзецца на літоўскай мове. Запыт на навучанне на турэцкай мове мы не атрымлівалі, таму пакуль не ведаю, якім чынам будзе ажыццяўляцца выкладанне турэцкай мовы ў гэтым садку». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?