Упершыню пра стварэнне спецыялізаванай роты па інфармацыйнай бяспецы заявіў міністр абароны Раўкоў сёлета 25 лютага. Адказваючы на пытанне карэспандэнта АНТ, ці плануецца ў Беларусі ствараць войскі інфармацыйных аперацый, як гэта зроблена ў Расіі, Раўкоў сказаў, што беларускае вайсковае ведамства шчыльна займаецца інфармацыйнай бяспекай, кібербяспекай, у Беларусі ёсць адпаведныя структуры, «плюс мы ў гэтым годзе фарміруем спецыялізаваную роту, якая будзе займацца гэтым пытаннем». Мэты і задачы названай роты не абвяшчаліся, але з кантэксту сказаных міністрам абароны слоў можна было зрабіць выснову: рота будзе займацца пытаннямі інфармацыйнай бяспекі, дакладней, інфармацыйна-тэхнічнай бяспекі.

На днях зноў з'явілася інфармацыя пра фарміраванне такой роты (характэрна, на наступны працоўны дзень пасля абвінавачвання з боку ЗША ў дачыненні да 12 расіян, якіх падазраюць ва ўмяшанні з дапамогай інфармацыйных тэхналогій у амерыканскія выбары). Але на гэты раз ствараемая рота была названая ротай інфармацыйных тэхналогій (IT-рота). У паведамленні Міністэрства абароны адзначаецца, што падраздзяленне будзе ўкамплектавана вайскоўцамі тэрміновай ваеннай службы з ліку грамадзян, якія дабіліся найбольшых поспехаў у галіне інфармацыйных тэхналогій, як правіла, маюць вышэйшую прафесійную адукацыю па спецыяльнасцях, якія цікавяць Міністэрства абароны, і якія выявілі жаданне праходзіць вайсковую службу ў дадзенай роце. Кожнаму спецыялісту роты інфармацыйных тэхналогій будзе дадзены навуковы кіраўнік, вайскоўцы будуць выконваць канкрэтныя навукова-прыкладныя задачы ў інтарэсах вайсковага ведамства, а таксама працягнуць свой удзел ва ўжо пачатых навуковых праграмах. Дзейнасць роты будзе арганізавана на базе Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь (першапачаткова разглядаўся НДІ Узброеных Сіл). Прыведзеная інфармацыя сведчыць пра тое, што рота будзе ўяўляць сабой аналаг створаных пяць гадоў таму ў Расіі навуковых рот. Такія роты сфармаваныя практычна для кожнага віду ўзброеных сіл Расіі пры вайскова-навуковых (адукацыйных) цэнтрах і камплектуюцца з выпускнікоў ВНУ прыродазнаўчанавуковых і тэхнічных спецыяльнасцяў, за якім замацоўваецца навуковы кіраўнік.

Дзейнасць навуковых рот узброеных сіл Расіі шмат у чым звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Напрыклад, асноўныя навукова-прыкладныя задачы 5 навуковай роты (Сухапутных войскаў Расіі) адносяцца да вобласці аўтаматызацыі збору і аналізу дадзеных, распрацоўкі сістэм дапамогі прыняцця рашэнняў, стварэння баз даных і 3D-мадэлявання. Што тычыцца задач IT-роты беларускіх УС, то ўскосна пра іх згадваў у інтэрв'ю начальнік вайсковай акадэміі, а таксама шэраг задач можна зразумець па дакуменце, які змяшчае прыклады праектаў. У прыватнасці гэта такія задачы, як праектаванне і стварэнне баз даных, распрацоўка мабільных праграм пад Android і iOS, матэматычнае і камп'ютарнае мадэляванне вядзення баявых дзеянняў і іншыя. Можна сказаць, што агучаныя задачы не шмат у чым адрозніваюцца ад задач, аналагічных прыведзенай вышэй навуковай роты УС Расіі.

Неабходная кваліфікацыя да вайскоўцаў роты ў прынцыпе дазваляе хутка пераарыентаваць яе дзейнасць з прыкладной навуковай на рашэнне спецыяльных задач Узброеных Сіл. Так, мабільныя праграмы можна распрацоўваць як проста для тэхнічных пытанняў або папулярызацыі УС (напрыклад, тэматычныя гульні), так і для вядзення разведкі і кіравання масамі. Прыкладамі апошніх з'яўляюцца збор вялікіх мас людзей у зададзеным месцы ў патрэбны час з дапамогай гульні Pokemon-Go, вызначэнне каардынатаў вайсковых аб'ектаў на аснове фітнес-праграмы Strava, перадача суперніку каардынатаў агнявых пазіцый украінскіх падраздзяленняў, якія выкарыстоўваюць расійскія мабільныя праграмы для стральбы артылерыі.

Падраздзяленне такога роду ў колькасці 60 чалавек пры дапаўненні яго пэўнымі спецыялістамі гуманітарнага профілю цалкам здольна праводзіць маштабныя інфармацыйныя аперацыі, але наўрад ці варта чакаць падобнага ў найбліжэйшы час. Па-першае, большая частка нагрузкі хутчэй за ўсё будзе прыходзіцца на распрацоўку спецыялізаванага праграмнага забеспячэння, а не на сеткавае ўздзеянне. Па-другое, на першым часе прыцягненне IT-спецыялістаў, якія ў большасці сваёй працуюць на аўтсорсінгу краін НАТА, для ўздзеяння на апошнія таксама сумнеўна. Але, тым не менш, рэсурс (рэзервовы) узброеных сіл для правядзення досыць маштабных інфармацыйных аперацый будзе створаны.

Навуковыя і навукова-вытворчыя роты узброеных сіл Расіі шмат у чым дзейнічаюць у інтарэсах вайскова-прамысловага комплексу. Са слоў начальніка Вайсковай акадэміі Беларусі Лісоўскага вынікае, што вайскоўцы беларускай IT-роты таксама могуць прыцягвацца не толькі для забеспячэння інтарэсаў Міністэрства абароны, але і дзяржаўнага ВПК. Навукова-даследчыя падраздзяленні ВС, да якіх па сутнасці будзе адносіцца і IT-рота, выконваюць навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія працы як на замову Міністэрства абароны, так і ў рамках гаспадарчых дамоў з прадпрыемствамі вайскова-прамысловага комплексу. За гэта навуковыя супрацоўнікі УС атрымліваюць адпаведнае фінансаванне (грашовае забеспячэнне, заработную плату). І тут узнікае шэраг праблемных пытанняў. Па-першае, прызваныя на вайсковую службу спецыялісты будуць атрымліваць мінімальнае грашовае забеспячэнне, што ніяк не залежыць ад аб'ёму і якасці выконваемых работ. Калі бясплатную працу ў інтарэсах Узброеных Сіл неяк зразумець можна, то бясплатная праца па сутнасці ў інтарэсах прадпрыемстваў, мякка кажучы, не справядлівая. Часткова сітуацыю можна вырашыць пераходам прызваных вайскоўцаў на кантракт. Для выпускнікоў ВНУ, размеркаваных на прадпрыемствы з нізкім заробкам, пераразмеркавацца на кантракт ва УС магчыма і добры варыянт, але для супрацоўнікаў ПВТ — наўрад ці (не тыя зарплаты). Па-другое, могуць узнікнуць пытанні з інтэлектуальнай уласнасцю (прасцей кажучы распрацоўку салдат могуць прысвоіць навуковыя кіраўнікі ці прадпрыемствы-заказчыкі).

Шмат у чым дзейнасць роты будзе вызначацца прафесіяналізмам і навуковай кваліфікацыяй яе кіраўніцтва. Праблемнымі момантамі тут могуць быць выкарыстанне прызваных спецыялістаў асабліва для правядзення дысертацыйных даследаванняў навуковых кіраўнікоў, выкананне заведама неперспектыўных даследаванняў і распрацовак (у тым ліку пастаўленых прадпрыемствамі), адрыў дзейнасці роты ад рашэння задач інфармацыйных аперацый.

Сярод праблем, якія адзначаюць непасрэдна вайскоўцы навуковых рот Расіі, варта вылучыць наступныя:

— у першы час пасля стварэння роты шмат часу сыходзіла на ўладкаванне казармы і працоўных месцаў;

— суадносіны фізічнай працы па тыпу «прынясі-перацягні» да асноўнай дзейнасці складалі ў згаданай 5-й навуковай роце 30:70;

— закупка дадатковага абсталявання або замена бягучага займае працяглы час з прычыны неабходнасці ўзгаднення і нерэгулярнасці фінансавання;

— вырашэнню асноўных задач перашкаджаюць іншыя работы: стварэнне справаздач, дакументацыі, прэзентацый, канцылярскія працы і інш. З упэўненасцю можна сказаць, што такія праблемы паўстануць і ў беларускай IT-роце.

Можна меркаваць, што IT-рота будзе выкарыстана і для падбору дадатковых кадраў для дзеючых падраздзяленняў інфармацыйнай бяспекі, напрыклад, Галоўнага цэнтра забеспячэння бяспекі інфармацыйных тэхналогій Узброеных Сіл. Таксама рота можа стаць кузняй перспектыўных навуковых і педагагічных кадраў для Вайсковай акадэміі і НДІ Узброеных Сіл. У расійскіх ротах для гэтага службу ў навуковых ротах прадстаўляюць як альтэрнатыву аспірантуры — пасля завяршэння службы вайскоўцы маюць магчымасць абараніць дысертацыю на аснове армейскіх даследаванняў. На дадзены момант у Беларусі забяспечыць за перыяд службы ў роце альтэрнатыву навучання ў аспірантуры праблематычна, але як альтэрнатыву магістратуры (з дадатковай вучэбнай нагрузкай) — магчыма.

У цэлым стварэнне роты інфармацыйных тэхналогій — станоўчае, хоць і запозненае, пачынанне кіраўніцтва Узброеных Сіл Беларусі. Рэсурс ствараецца вельмі добры, але як яго выкарыстаюць — пакажа час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?