20 ліпеня 2016 года ў Кіеве загінуў вядомы беларускі, расійскі і ўкраінскі журналіст Павел Шарамет. Прафесійная супольнасць страціла выбітнога, адважнага калегу. Сябры і родныя — блізкага чалавека. Следства па справе за гэты час практычна не прасунулася — не названыя падазраваныя, няма ні абвінавачаных.
Аўтамабіль, у якім Павел ехаў на працу, выбухнуў на скрыжаванні цэнтральных вуліц Кіева. Выратаваць Паўла было немагчыма — атрыманыя траўмы былі не сумяшчальныя з жыццём. Паліцыя паведаміла, што пад аўтамабіль была закладзеная выбухоўка магутнасцю да 600 грамаў у тратылавым эквіваленце, якая кіравалася дыстанцыйна.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка патрабаваў ад сілавікоў справаздачы аб ходзе расследавання.
Следчыя высветлілі, што бомбу заклалі пад машыну мужчына і жанчына. Яны трапілі на відэа з камер назірання. За дапамогу ў пошуку паліцыя Кіева, а таксама былы мэр сталіцы аб'явілі ўзнагароджанне. Але следства і дагэтуль практычна не прасунулася — не названыя падазраваныя, няма ні абвінавачаных.
Намеснік начальніка ўпраўлення Галоўнага следчага ўпраўлення Нацыянальнай паліцыі Украіны Аляксандр Коўтун заяўляў, што падчас расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета дапытаныя больш за тры тысячы сведкаў, аднак падазраваныя дагэтуль не ўстаноўлены.
У гадавіну забойства Паўла Шарамета сваякі і калегі наведаюць магілу журналіста на Паўночных могілках пад Мінскам а 12-й гадзіне.