Ананімны расійскі тэлеграм-канал «Незыгар», які спецыялізуецца на палітычных злівах, апублікаваў чарговы допіс, прысвечаны Беларусі. На гэтым раз героем публікацыі стаў былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, які цяпер займае пасаду міністра па прамысловасці і аграпрамысловаму комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі. Аднак у хуткім часе крыніцы абяцаюць адстаўку Сідорскага.

Сяргей Сідорскі. Фота sb.by.

Сяргей Сідорскі. Фота sb.by.

«Лукашэнка незадаволены выніковасцю экс-прэм'ера ў адстойванні беларускай прадукцыі і мае намер даслаць новага прадстаўніка. Але Лукашэнка вырашыў прыбраць Сідорскага з Масквы па прычыне згадкі ягонага імя ў ліку верагодных прарасійскіх «пераемнікаў», — піша «Незыгар».

«Сярод беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў Сідорскі быў адзіным, на каго можна было глядзець без уздрыгванняў, і хто гаварыў зразумелай людскай мовай. Астатнія быццам учора злезлі з трактара і не ў стане слова прамовіць — ні па-расейску, ні па-беларуску. Усё нешта з сябе выціскаюць на дзіўнай, мешанай мове. Сідорскі быў адзіным, каго напышлівая Масква прымала з павагай, і ў каго, нягледзячы на бясконцыя малочна-нафтавыя войны, склаліся вельмі цёплыя і сяброўскія адносіны з Пуціным», — адзначае канал.

Высновы з допісу наступныя: маўляў, на асобе Сідорскага як зменшчыка Лукашэнкі маглі б сысціся як Масква, гэтак і Еўропа.

Праўда, не так даўно гэты самы канал пераконваў, што кандыдатам заходніх сіл будзе міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Здаецца, проста нехта загуляўся ў канспіралогію.

У снежні 2017 тэлеграм-канал «Незыгар» за 20 мільёнаў расійскіх рублёў (317 тысяч даляраў) выкупіла кампанія «Міхайлаў і партнёры», якая належыць гендырэктару ТАСС Міхайлаву. Пасля гэтага на канале стала ўсё меней зліваў і ўсё болей прапаганды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?