Амерыканскія IT-кампаніі ўсё часцей шукаюць новых супрацоўнікаў без тэхнічнай адукацыі. Больш за 4 з 10 вакантных месцаў у тэхналагічным сектары з’яўляюцца «нетэхнічнымі» — такія дадзеныя прыводзяцца ў справаздачы аналітычнай кампаніі Glassdoor.

Аналітыкі сабралі разам дадзеныя мільёнаў вакансіяў амерыканскіх тэхналагічных кампаніяў. Як выявілася, значная частка з іх не вымагае ад прэтэндэнта ўмення праграмаваць ці іншых спецыфічных тэхналагічных ведаў.

Як так можа быць?

Рэч у тым, што чым большай робіцца IT-кампанія, тым шырэйшым робіцца спектр супрацоўнікаў, якія патрабуюцца ёй для таго, каб весці ды пашыраць бізнес.

Кампаніі пачынаюць шукаць не толькі софт-інжынераў і спецыялістаў па дадзеных, але і менеджараў па продажах, праектных менеджараў, а таксама HR-спецыялістаў (па-старому кажучы, «кадравікоў»).

Што праўда, чалавек без досведу праграмавання мусіць разлічваць на меншы заробак у амерыканскіх IT-кампаніях — у сярэднім $73,5 тысячы на год. А вось тэхнічныя спецыялісты там зарабляюць у сярэднім $98,4 тысячы — прынамсі, паводле той выбаркі, якой карысталася Glassdoor.

Аднак патрэба ў тэхнічных ведах нікуды не падзелася. Больш за тое — нават традыцыйна не звязаныя з тэхналогіямі пасады будуць вымагаць ад супрацоўнікаў усё болей тэхнічнага досведу, напрыклад валодання HTML ці інфармацыйным аналізам. Але факт застаецца фактам — сфера IT цяпер належыць ужо не толькі аднымі гікам-праграмістам, але і юрыстам, маркетолагам, ды нават «commodity managers» — сучаснаму аналагу «загадчыка гаспадаркі».

Усё гэта перагукаецца з нядаўнім маніфестам гранда айчыннага IT-бізнесу Віктара Пракапені пад назвай «Як гуманітарыю атрымліваць IT-шны заробак».

Пракапеня ў сваім допісе ў фэйсбуку прывёў прыклад чалавека, які прыйшоў у яго кампанію з нулявымі ведамі праграмавання, але дамогся-такі свайго з дапамогай фанатычнай працы і самаадукацыі. Беларускім тэхналагічным кампаніям усё больш трэба людзі, якія дапамогуць расці іх бізнесу — а гэта не толькі «айцішнікі» ў строгім сэнсе слова. Пракапеня сцвярджае, што гуманітарый таксама можа атрымліваць заробак на ўзроўні з праграмістамі, але для гэтага трэба быць гатовым працаваць па 16 гадзінаў у суткі, шмат вучыцца, пажадана ведаць замежныя мовы (англійскую дык увогуле абавязкова) і мець досвед жыцця за мяжой. А вось беларускі дыплом яго як працадаўцу не цікавіць — галоўнае, каб «вочы гарэлі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?