Wikimedia Commons
Прэзідэнт канцэрна Fiat Chrysler Сэрджа Марк'ёне памёр у Швейцарыі ва ўзросце 66 гадоў. На мінулым тыдні ён пакінуў пасаду гендырэктара кампаніі з-за ускладненняў пасля аперацыі.
Марк'ёне ўзначаліў Fiat ў 2004 годзе. Пад яго кіраўніцтвам кампанія, якая знаходзілася ў перадбанкротным стане, прайшла шлях да выхаду на Нью-Ёркскую фондавую біржу ў 2014 годзе. Да гэтага моманту яна ўжо называлася Fiat Chrysler — пасля таго, як Fiat купіў амерыканскага аўтавытворцу, што знаходзіўся ў стадыі банкруцтва.
У 2003 годзе страты Fiat складалі 6 млрд еўра. Марк'ёне, узначаліўшы кампанію, увайшоў у партнёрства з General Motors. Гэта прывяло да звальнення тысяч супрацоўнікаў, але таксама і да з'яўлення новых мадэляў машын і скарачэння часу вываду новага аўтамабіля на рынак з чатырох гадоў да паўтара года. У выніку ўжо ў 2005 годзе Fiat зноў стаў прыбытковым.
Пад яго кіраўніцтвам капіталізацыя Fiat вырасла больш чым у 10 разоў дзякуючы рэструктурызацыі бізнэсу і падзелу актываў.
Марк'ёне вылучыў у асобную кампанію-вытворцу спартовых машын Ferrari і вывеў яе на біржу. У рамках IPO кампанію ацанілі ў 10 млрд даляраў, а цяпер яна каштуе амаль 35 млрд даляраў - амаль столькі ж, колькі і Fiat Chrysler.
Сэрджа Марк'ёне нарадзіўся ў 1952 годзе ў Італіі ў сям'і паліцэйскага. Калі яму было 14 гадоў, сям'я пераехала ў Таронта. У яго было падвойнае грамадзянства. У Канадзе Марк'ёне атрымаў ступень магістра дзелавога адміністравання і доктарскую ступень па прадпрымальніцкай дзейнасці. Ён пачаў кар'еру ў канадскім падраздзяленні Deloitte & Touche, затым працаваў у некалькіх паўночнаамерыканскіх і еўрапейскіх кампаніях.
Як адзначае агенцтва Bloomberg, Марк'ёне адрозніваўся прамалінейным характарам і неахайнай па італьянскіх мерках манерай апранацца: як правіла, ён з'яўляўся на публіцы ў джынсах і швэдры.
Ён любіў хуткую язду, і ў яго гаражы было некалькі «Ферары». Ён піў па дзясятку філіжанак эспрэса ў дзень і курыў па пачку цыгарэт.
Рэпарцёр агенцтва Тамаза Эбхарт успамінае, што Марк'ёне праводзіў у офісе па 14-16 гадзін і патрабаваў ад падначаленых поўнай аддачы. Ён бываў грубы, што каштавала было яму добрых адносін з многімі уплывовымі прадстаўнікамі галіны і палітыкамі.
Марк'ёне без шкадавання раставаўся з топ-менеджарамі - пасля прыходу ў Fiat ён звольніў амаль усё кіраўніцтва, а ў 2009 годзе прарабіў такі ж нумар з Chrysler, у той жа дзень прывёўшы на месца звольненых дзясятак пачаткоўцаў.
У Марк'ёне і яго былой жонкі засталіся двое дзяцей.





