На аўтавакзале ў Берасьці нарад міліцыі затрымаў нецьвярозага мужчыну і супрацоўніцу аўтавакзалу, якая спрабавала яго абараніць. Пра гэта паведаміў Свабодзе відавочца Алег Цярэшчанка, які зьняў інцыдэнт на відэа.

Паводле Цярэшчанкі, 23 ліпеня нецьвярозы мужчына сядзеў на лаўцы пэрону берасьцейскага аўтавакзалу ў чаканьні маршруткі. Калі да яго падышлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі, той адмовіўся. Відавочцы інцыдэнту прасілі міліцыянтаў «адпусьціць чалавека дадому». Паводле іх словаў, мужчына не дэбашырыў, а проста заснуў на лаўцы.

Міліцыянты папярэдзілі мужчыну: калі той адмовіцца добраахвотна ісьці за імі, яны ўжывуць фізычную сілу, што і адбылося. Разам з затрыманым у службовую машыну патрапіла і супрацоўніца аўтавакзалу, якая спрабавала абараніць мужчыну. На жанчыну надзелі кайданкі.

На відэа Алег Цярэшчанка сьцьвярджае, што супрацоўнік міліцыі мацюкаўся ў яго бок.

Паводле камэнтару УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, каля 16:30 супрацоўнікі Ленінскага РАУС атрымалі паведамленьне, што мужчына сьпіць на лаўцы Берасьцейскага аўтавакзалу. На месцы міліцыянты ўбачылі, што ў мужчыны, які спаў на лаўцы, былі «відавочныя прыкметы алькагольнага сп’яненьня».

Падчас пасадкі затрыманага ў аўтамабіль да супрацоўнікаў міліцыі падышла супрацоўніца аўтавакзалу сталага веку, якая «у грубай форме спрабавала замінаць законным патрабаваньням праваахоўнікаў».

Пасьля тлумачэньня прычынаў затрыманьня, жанчына «адрэагавала больш агрэсіўна».

Дзеяньні жанчыны ацэняць падчас праверкі.

Паводле УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, раней мужчына 18 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?