Кожныя два гады ў нас на лецішчы пачынаецца бітва за ураджай. У сэнсе — за тое, каб гэты ураджай нах** ліквідаваць.

Яблыкі.

Яблыкі паўсюль.

Яны ламаюцца разам з галінамі і цэлымі дрэвамі. Яны пад нагамі, яны падаюць табе на башку, калі ты мірна спіш у гамаку.

Яны закапваюцца ў ямы, вабячы мух. Яны вывозяцца ў горад. Яны — самагон, яны — сокі, яны — сочывы, яны павідлы.

І яны — не заканчваюцца.

Ну і вось учора сабраў апошні мех на ўтылізацыю, каб спакойна пакасіць газон. А сёння раніцай выходжу сабе з дома. Сеў. Куру.

— Стааааась!

Няма адказу.

— Стаааась.

— Добры дзень, Аркадзь Яфімавіч!

— Падыдзі да мяне, калі ласка.

Падыходжу. Наш сусед, 90 з нечым гадовы, сапраўдны, няфэйкавы ветэран ласкава ўсміхаецца мне цераз плот.

Падыходжу.

— На, Стась. Вазьмі пакецік.

Аркадзь Яфімавіч працягвае мне кулёк з яблыкамі.

— Ох, дзякуй, — кажу. — Але…ну мне б свае яблыкі неяк утылізаваць.

— Гэта вельмі-вельмі смачны белы наліў. У вас такога няма!

— Няма…

— Калі табе спадабаецца — скажы. Я набяру яшчэ.

Ліхаманкава думаю пра тое, што цяпер варыянты ў мяне два: ці мне «не спадабалася» і, такім чынам, я крыўджу суседа. Ці кажу, што спадабалася, і сусед пачынае мне цераз плот перакідваць тоны смачнага белага наліва.

Ну, я ж беларус. Кемлівасць мая сялянская — дзе?

— О! Аркадзь Яфімавіч. А давайце я вам таксама яблыкаў дам. Вось гэтых, барвовых. У вас жа такіх няма?!

— Стасік… — Аркадзь Яфімавіч ласкава ўсміхнуўся і прытуліўся да плота. — Паглядзі. — Ён павёў рукой у кірунку свайго засыпанага яблыкамі ўчастка. — У мяне гэтых яблыкаў столькі, што няма куды падзець. Ды і не ем іх… Кіслотнасць…

Сусед ветла махнуў мне рукой і лёгкай хадою рушыў углыб градак, схаваўшыся між парэчак і агрэстаў.

— Спадабаюцца яблыкі — яшчэ насыплю! — данеслася з кустоў.

— Ага!… Дзякуй… ага…

Не спрабуйце перайграць баявога ветэрана на яго полі. Яго поле — паўсюль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?