У Зімбабвэ пачаліся прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Гэтыя выбары стануць першымі ў гісторыі краіны, у якіх не бярэ ўдзелу былы дыктатар краіны Роберт Мугабэ.

Галасаванне пачалося на 10985 выбарчых участках. У ім змогуць узяць удзел больш за 5,7 млн грамадзян. Вынікі павінны быць аб'яўленыя 4 жніўня, паведамляюць інфармагенцтвы.

На найвышэйшую дзяржаўную пасаду афрыканскай краіны прэтэндуюць 23 кандыдаты, аднак асноўная барацьба разгорнецца паміж 75-гадовым дзеючым прэзідэнтам Эмерсанам Мнангагвай, які ўзначальвае кіруючы «Афрыканскі нацыянальны саюз Зімбабвэ - Патрыятычны фронт» (ЗАНУ-ПФ) і лідэрам альянсу сямі апазіцыйных партый, згуртаваных вакол «Руху за дэмакратычныя перамены» (РДП), 40-гадовым Нэльсанам Чамісам.

Напярэдадні галасавання эксперты адзначалі, што ў супернікаў прыкладна роўны рэйтынг і не выключаны другі тур.
За месцы ў парламенце Зімбабвэ пазмагаюцца прадстаўнікі 55 партый.

У інтэрв'ю напярэдадні выбараў былы дыктатар краіны Робэрт Мугабэ нечакана падтрымаў кандыдата ад былой дэмакратычнай апазіцыі. Па словах Мугабэ, найгоршы варыянт - гэта кантроль над уладай арміі. Таму Мугабэ «зычыць поспеху» кіраўніку Руху за дэмакратычныя перамены.

Зімбабвэ абвясціла незалежнасць у 1980-м, і гэтыя выбары стануць першымі ў гісторыі краіны, у якіх Мугабэ не бярэ ўдзел. Ён быў адхілены ад улады вайскоўцамі ў лістападзе 2017 года. 

Нагодай для іх выступу была адстаўка Мнангагвы з пасады першага віцэ-прэзідэнта, рашэнне аб якой, як лічыцца, было прынята пад ціскам былой першай лэдзі Грэйс Мугабэ, што хацела атрымаць у спадчыну ўладу мужа. Пасля таго, як 93-гадовы кіраўнік дзяржавы пагадзіўся датэрмінова скласці паўнамоцтвы, Мнангагва быў прыведзены да прысягі прэзідэнта, паабяцаўшы правесці сумленныя выбары, аднавіць давер да ўрада рэспублікі ў краін Захаду і дамагчыся зняцця санкцый, уведзеных імі супраць Зімбабвэ пры яго папярэдніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0