Кніга «Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии» пераканаўча разьвенчвае савецкую й постсавецкую «патрыятычную» міталёгію, зьвязаную з абаронаю Берасьцейскае крэпасьці ў чэрвені 1941 году.
У ёй аргумэнтавана сьцвярджаецца, што актыўная фаза баёў доўжылася ня больш за тыдзень (а ня месяц, як настойвала савецкая прапаганда), што зь першага дня баявых сутычак адбывалася масавая здача ў палон салдат і афіцэраў Чырвонае арміі ды, больш за тое, пераважная большасьць савецкіх абаронцаў Берасьцейскае крэпасьці трапіла ў нямецкі палон, што лік савецкіх палонных вымяраўся сотнямі й тысячамі, і што наагул звышканцэнтрацыя савецкіх вайскоўцаў на маленькай тэрыторыі Берасьцейскае крэпасьці была стратэгічнаю памылкаю савецкага камандаваньня. Разам з тым, за здабыцьцё крэпасьці немцам давялося заплаціць вялікую цану — адных забітых было каля 450 чалавек.
Кніга таксама расказвае пра першыя месяцы штодзённага жыцьця гараджанаў пад нямецкай акупацыяй. Гэтая нарацыя ілюструецца ўнікальнымі фотаматар'яламі — нямецкімі прапагандысцкімі плякатамі, фатаздымкамі мірнага насельніцтва й гарадзкіх ляндшафтаў гораду Берасьця лета 1941 году. Першае выданьне зборніка выклікала вялікую цікавасьць у Беларусі й за ейнымі межамі. Кніга стала нагодаю для актыўных дыскусіяў.
За год тысячны наклад першага выданьня цалком разышоўся. Цяпер выдаўцы прапануюць 2-е выданьне, дапоўненае й выпраўленае. Апроч унесеных карэктываў, у ім дададзена каля 40 прозьвішчаў у іменны паказьнік.
Кніга каштавала 24,9 руб., але ў межах акцыі яе можна набыць за 17,9 руб. Акцыя дзейнічае да 5 жніўня.
Пра тое, як атрымаць выданне, можна даведацца на сайце Arche.





