Міліцыя паведамляе, што накрылі падпольны бардэль.

У ноч на 28 ліпеня ў пасёлку Бараўляны Мінскага раёна супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС уварваліся ў адзін з катэджаў. Аперацыя праходзіла пры падтрымцы спецатрада хуткага рэагавання МУС.

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

«У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў мы вызначылі, што з 2016 да 2018 года двое беспрацоўных мінчукоў здымалі катэдж для правядзення за ўзнагароджанне закрытых сэкс-вечарынак. Кліентаў шукалі сярод знаёмых, праз аб'явы ў інтэрнэце, сацсетках і мэсэнджарах. Кошт уваходу для мужчын складаў ад 200 да 370 рублёў, для пары — 120 рублёў. Прадстаўніцы слабага полу ўдзельнічалі ў мерапрыемстве бясплатна. У наступным пастаянным членам клуба надаваліся зніжкі. Наведвальнікі пераводзілі грошы на картку, мабільны тэлефон або перадавалі асабіста арганізатарам», — паведамляе міліцыя.

Акрамя выпадковых удзельнікаў, на вечарынках прысутнічалі прастытуткі, вядучыя тэматычных конкурсаў, бармэны і іншыя прадстаўнікі абслуговага персаналу, паслугі якіх уваходзілі ў кошт наведвання. Таксама ў аплату ўключаўся алкаголь, ежа, карыстанне саўнай і басейнам.

На момант спецаперацыі ў катэджы знаходзіліся 34 мужчыны і 18 дзяўчат, сярод якіх былі шлюбныя пары і студэнты. Узрост удзельнікаў вар'іраваўся ад 20 да 45 гадоў.

На арганізатараў завялі крымінальную справу за арганізацыю і (або) выкарыстанне заняцця прастытуцыяй або стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй. Ім пагражае да 5 гадоў.

Naviny.by паведамлялі, што адбывалася ўсё па адрасе Бярозавы Гай, 38.

Дом арандавалі ў мінчука. «Наша Ніва» звязалася з гаспадаром катэджа, каб даведацца, што адбывалася ў Бараўлянах. Але ён ад каментароў адмовіўся.

Вядома, што вечарына была не першай. Арганізатары стала займаліся такімі тусоўкамі.

Уваход каштаваў 100—120 рублёў. Унутры наведнікаў чакалі бясплатны бар, кальяны, більярд, басейн, лазня і саўна.

Звычайна ўваход на такія мерапрыемствы каштуе больш. Але народу збіраецца няшмат.

Увосень на падобную свінг-тусоўку прыйшло 27 чалавек. Пара мусіла плаціць 50 даляраў, госці без рэкамендацый плацілі 150 даляраў за першую вечарынку і па 100 даляраў за кожную наступную цягам года.

Вечарыны праходзілі рэгулярна. Часам — тэматычныя.

Арганізоўваў усё мінчук, вядомы як Слава (ці Слава Казанова). Удзельнічала ў тусоўках і яго жонка Алена. Славу каля 40 гадоў. Дакладны род яго заняткаў невядомы.

У сеціве можна знайсці інтэрв’ю з тым Славам. Ён расказвае, што праводзіць свінг-вечарыны каля 4 гадоў. Агулам правёў больш за сотню падобных мерапрыемстваў. Спачатку ўсё адбывалася на кватэры, пасля ахвотных стала больш, пачалі здымаць катэджы.

На вечарынках ёсць алкаголь. Але за наведнікамі прыглядвае ахова.

Лесбі-пары вітаюцца, геяў не пускаюць. «Нашы мужчыны толькі на словах талерантныя, а на справе ўсё значна горш. Навошта правакаваць?» — тлумачыць Слава.

Па яго словах, сярэднестатыстычны наведвальнік — гэта славянін. Былі госці з Еўропы, з Каўказа пару разоў, з Турцыі.

Відэаздымка на вечарынах забароненая, усе тэлефоны аддаюць ахове. Але казусы бываюць: па словах Славы, аднойчы дачка сустрэла на вечарыне сваіх бацькоў.

Дарэчы, можна меркаваць, што ў далейшым беларускім свінгерам прыйдзецца няпроста.

«Ёсць інфармацыя, што розныя свінг-вечарынкі з элементамі БДСМ, тэматычнымі распуснымі конкурсамі, удзелам прадстаўнікоў нетрадыцыйных сэксуальных поглядаў, у тым ліку прыхільнікаў ЛГБТ-супольнасці, маглі арганізоўвацца ў многіх рэгіёнах краіны. Гэтыя звесткі правяраюцца. Аднак ужо відавочна, што пад выглядам сэкс-вечарынак хаваецца незаконная дзейнасць па арганізацыі і выкарыстанні прастытуцыі, па яе распаўсюдзе, а таксама прасоўванню перакручаных поглядаў на адносіны «мужчына-жанчына». Каб не дапусціць гэтага, мы працягнем працаваць у гэтым напрамку і будзем спыняць факты супрацьпраўнай дзейнасці», — паведаміў Дзмітрый Цаюн, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?