Летась кампанія Google зрабіла даволі дзіўную рэч: анансавала новую аперацыйную сістэму Fuchsia OS, якая па ідэі з’яўляецца канкурэнтам Android — самай вялікай мабільнай АС, якая Google і належыць.

Fuchsia можа патэнцыйна працаваць на любой прыладзе, ад простых, прызначаных для адной мэты (банкаматы і прылады GPS) ажно да персанальных камп’ютараў. Але ў адрозненне ад Android, Fuchsia не заснавана на Linux, і ўвогуле не будуецца на любым іншым праграмным забеспячэнні, якое ляжыць у аснове амаль усіх персанальных камп’ютараў і камунікацый сёння. Наадварот, гэта спроба распрацаваць АС з нуля. 

Для таго, каб зразумець, што ж у гэтым такога незвычайнага, трэба разабрацца ў тым, што з сябе ўяўляе большая частка праграмнага забеспячэння персанальных дэвайсаў сёння. 

Усе самыя папулярныя аперацыйныя сістэмы гэта адаптацыі праграмнага забеспячэння «ядраў (kernel)», якія кіруюць найглыбейшымі ўзроўнямі аперацыйнай сістэмы. Яны апрацоўваюць запыты ад апаратных прылад (клавіятуры і інш.), манітораць задачы, а таксама кіруюць файламі і памяццю. Астатнія слаі АС надбудоўваюцца на ядро. Пры гэтым, большасць з гэтых ядраў даволі старыя: Android выкарыстоўвае ядро Linux, які з’явіўся ў 1991 годзе, Mac OS X, прашыўка і іншыя платформы Apple, заснаваныя на Unix, якая ўзнікла ў AT&T у Bell Labs яшчэ ў 1969 г., кампутары Windows заснаваныя на ядры Windows NT, якое існуе з 1993.

Парадаксальна, што ў галіне ІТ, якая лічыцца ледзьве не самай прагрэсіўнай і інавацыйнай зараз, большасць праграмнага забеспячэння дагэтуль выкарыстоўвае і будуецца на кодах, напісаных яшчэ да канца мінулага стагоддзя. На самым простым узроўні, вылічэнні засталіся такімі самымі, і нават сучасныя камп’ютары на Windows выкарыстоўваюць чыпы, якія з'яўляюцца прамымі нашчадкамі працэсара Intel у першым камп'ютары IBM. То-бок дагэтуль большасць ІТ кампаній проста не бачылі патрэбы ў напісанні больш сучасных ядраў, бо ўжо існуючыя задавольвалі ўсе патрэбы сучасных аперацыйных сістэм.

Распрацоўка новага ядра Magenta (на якім будуецца Fuchsia OS) з нуля можа быць патлумачаная ўсё шырэйшым развіццём інфраструктуры «інтэрнэта рэчаў (The Internet of Things)» — людзі ўсё больш звязваюць сваё бытавое жыццё з тэхнічнымі прыладамі, усё больш вытворцаў робяць прылады тыпу «разумны дом», «разумны тэлевізар», «разумны футбольны мяч», «разумная падушка» і іншыя.

«Старажытныя» ядры тыпу Linux паводле меркавання некаторых даследчыкаў ужо не змогуць задавальняць усе патрэбы сучасных дэвайсаў. Яны занадта грувасткія, не працуюць у рэжыме рэальнага часу і могуць патэнцыйна мець больш прарэхаў у сістэме бяспекі. 

Ядро Magenta можа распрацоўвацца як спроба ўзяць найлепшае ад старога ядра Linux і некаторых сучасных ўбудавальных сістэм эксплуатацыі, што дазволіла б вырашыць большасць праблем старых ядраў. 

Што наконт самой Fuchsia OS, то яна можа быць і проста эксперыментам на дзеяздольнасць новага ядра. Android цяпер займае каля 86% рынка мабільных аперацыйных сістэм, і не так проста распаўсюдзіць нешта новае на настолькі манапалізаваным рынку.

З іншага боку, нядаўна прайшла чутка пра тое, што Google зробіць платформу Android платнай, што патэнцыйна зменшыць яе долю на рынку. Гэта было зроблена для таго, каб не правакаваць далейшыя вялікія штрафы за карыстанне дамінуючай пазіцыяй на рынку, але Google цалкам можа выкарыстаць гэтую сітуацыю для пашырэння на рынку долі новай АС, калі зробіць яе спадкаемцам Android і адначасова яшчэ мацней прыцісне канкурэнтаў.

У сеціве ёсць многа канцэптаў інтэрфейсу будучай АС і нават больш-менш працуючы макет. Але пакуль што невядома, як дакладна будзе выглядаць Fuchsia, і ці будзе яна ўвогуле выкарыстоўвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0