Расійскі інсайдарскі тэлеграм-канал «Нязыгар» ужо колькі тыдняў актыўна піша на тэму Беларусі. Шмат хто заўважыў, што чым далей, тым больш недарэчнымі становяцца іх паведамленні.

Эдуард Пальчыс.

Напрыклад, учора на канале з аўдыторыяй больш за 160 тысяч чалавек з'явілася інфа пра таемныя дамоўленасці міністра замежных справаў Уладзіміра Макея і старшыні КХП-БНФ Зянона Пазняка. Аказалася, што гэты шэдэўр у жанры фэнтэзі належыць рэдактару сайта 1863x Эдуарду Пальчысу.

«Адзін з чытачоў 1863x падказаў, што ў іх ёсць пошта, куды можна пісаць. Цэлы месяц мы назіраем розныя допісы пра Беларусь. Калі пайшла адкрытая лухта, то з’явілася жаданне іх развесці. Сэнс у тым, каб даказаць, што форма інсайдаў, хай яна такая чароўная і загадкавая, а на справе посціцца любое трызненне. Галоўнае — пераканаўча падаць», — расказаў «НН» Пальчыс.

Першы ліст Пальчыса «Нязыгару».

«Я ўчора цягам дзесяці хвілін напісаў два лісты ў «Незыгар», яны не правяралі нічога, не праводзілі ніякага фактчэкінгу, не думалі тыдзень. У той самы дзень усё запосцілі! Ім можна пісаць любую ахінею — і яны будуць гэта посціць.

Праблема ў тым, што многія беларусы чытаюць менавіта расійскія прапагандысцкія медыя. Я даўно кажу, што лепш чытаць «Нашу Ніву» і Тут.бай, каб не падстаўляцца пад інфармацыйныя атакі. Цяпер мы перажываем чарговую інфармацыйную атаку. І найлепшы выхад — не чытаць гэтага ўсяго. Выпадак пра «інсульт» Лукашэнкі з той самай оперы.

Другі ліст Пальчыса «Нязыгару».

Мне здаецца, што ім настолькі пофіг, што ў найлепшым выпадку яны могуць проста выдаліць гэтую інфармацыю. У іх проста ёсць замова пісаць пра Беларусь і яны будуць пісаць далей лухту.

Я спецыяльна рабіў такое шоу. Бо кожны чалавек, які хаця б пару гадоў чытае навіны пра Беларусь, разумее, што гэта поўнае абы-што. Я паспрабаваў проста дзеля прыкола, але яны гатовыя ставіць любую чухню», — расказаў блогер.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру