Многія звярнулі ўвагу, што 31 ліпеня над сталіцай, пачынаючы недзе з 16 гадзін, амаль няспынна ляталі транспартныя самалёты.
Прычына палётаў транспартнікаў была вельмі празаічнай. Як патлумачылі «Нашай Ніве» людзі, якія ў свой час ляталі на транспартніках, гэта звычайная трэніроўка ў «Мачулішчах».
«Іл-76 адпрацоўваў глісаду [заход на пасадку — «НН»] над горадам. Гэта вялікі самалёт, які цяжка не заўважыць. Але глісаду ён адпрацоўвае шмат разоў цягам трэніроўкі. Калі трэніруюцца некалькі самалётаў, напрыклад — тры, можа падацца, што ў небе сапраўды няспынны канвеер транспартнікаў. Гэта робіцца да ночы, бо адпрацоўваюцца глісады ў розных умовах бачнасці. Ідэальна, калі б яшчэ дождж пайшоў», — патлумачыў нам лётчык.
Міністэрства абароны на пытанне «Нашай Нівы» пакуль не адказала, але вядома, што з 28 ліпеня па 11 жніўня адбываюцца Міжнародныя вайсковыя гульні на тэрыторыі адразу шасці краін: Ірана, Расіі, Азербайджана, Беларусі, Казахстана і Кітая.
ІЛ-76. Фота mil.by.





