Суд Савецкага раёна ў будынку Дома правасуддзя працягнуў разгляд «справы прафсаюзаў». Сёння, 1 жніўня, працягнуўся допыт сведкаў. Лідара незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара РЭП Ігара Комліка абвінавачваюць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч.2 арт. 243 КК).

На пачатку паседжання Генадзь Фядыніч заявіў хадатайніцтва аб тым, каб першай дапыталі ягоную цешчу, 81-гадовую Яніну Барысевіч. Жанчыне было складана даваць паказанні стоячы, таму для яе прынеслі крэсла. Падчас прамовы яна часта спынялася і пачынала плакаць.

У кастрычніку 2017 года на зямельны ўчастак у вёсцы Сухадолы Дзяржынскага раёна, які належыць Яніне Барысевіч, наклалі арышт.

«Я паняцця не маю пра працу майго зяця, ведаю яго толькі як мужа маёй старэйшай дачкі. Ніякіх грошай, у тым ліку на будаўніцтва лецішча, ён мне не даваў», — сказала яна.

Муж Яніны Барысевіч памёр пасля інсульту. Пазней, у 1993 годзе, жанчына набыла на свае накопленыя грошы ўчастак і пачала будаваць дом праз фірму, якая, як пазней высветлілася, паставіла няякасныя матэрыялы. У выніку Генадзь Фядыніч дабудоўваў дом уласнымі сіламі.

Распавядаючы пра арышт дачы, яна расхвалявалася.

«Грашыма мне дапамагаў унук Дзяніс, летась і яго пачалі цягаць у падатковую… Дайце мне спакойна дажыць! Гэтыя вашыя ручкі паперы перакладаюць, а я сваімі усе жыццё ў зямлі працую! Хто даў права чыніць беззаконне?» — звярнулася пажылая жанчына да суддзі і адмовілася адказваць на далейшыя пытанні пракурора.

Нягледзячы на скаргі Барысевіч на кепскі стан здароўя, дзяржаўны абвінаваўца Ліліяна Літвінюк працягнула задаваць пытанні. Нават калі суддзя зняла ўдакладняючае пытанне, пракурор патрабавала ад Барысевіч адказу. Прысутныя ў залі абурыліся, суддзя вынесла заўвагу. Толькі пасля таго, як Генадзь Фядыніч сказаў, што зараз давядзецца выклікаць хуткую, сведцы дазволілі пакінуць залу.

Наступным даў паказанні Юры Сякерын — будаўнік, якому прафсаюз 7 гадоў таму дапамог вярнуць грошы, нясплачаныя дзяржструктурай. Ён жа кансультаваў Фядыніча па будаўніцтве лецішча, ацэньваў, наколькі якасна працуюць рабочыя. Фядыніча ён назваў сваім «добрым прыяцелем», аднак ніякай інфармацыі пра прыбытак прафсаюзу з-за мяжы ён не мае.

Фядыніч патлумачыў такі адмысловы парадак выкліку сведкаў тым, што сілавікі проста дапытвалі ўсіх запар людзей з ягонай запісной кніжкі на мабільным тэлефоне.

Сведка Уладзімір Кандратовіч патлумачыў, што быў сябрам РЭП з 2006 па 2015 год, калі працаваў наладчыкам станкоў на МАЗ.

«Я шукаў абароны маіх правоў і адзіная арганізацыя, якая дапамагла — гэта прафсаюз РЭП».

За мяжой Кандратовіч быў ўсяго двойчы: на семінарах у Швецыі (2006) і Нямеччыне (2011), грошы атрымліваў ад замежных арганізатараў выключна на кішэнныя выдаткі. Паводле ягоных словаў, правозіць грошы праз мяжу ад яго ніколі не патрабавалася. Прыкладна такія ж сведчанні даў яшчэ адзін сябар РЭП Дзмітрый Шугаеў, які таксама кансультаваў Фядыніча па лецішчы.

Сакратар па міжнародных пытаннях Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алег Падалінскі адразу заявіў:

«Дапамога прафсаюзам — гэта нармальная сусветная практыка, замацаваная канвенцыяй Міжнароднай арганізацыі працы. Больш за тое, некалькі год таму віцэ-прэм’ер Беларусі браў удзел у пасяджэнні гэтай арганізацыі і адзначаў, што ўлады не будуць чыніць перашкодаў прафсаюзам у атрыманні такой дапамогі».

Ён падкрэсліў, што дапамога ад замежных партнёраў заключалася менавіта ў сумесных грантавых праектах, дзякуючы якім былі магчымыя паездкі на семінары па абмене досведам.

Пракурор запытала, ці мае Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў рахунак у замежным банку. Падалiнскі адказаў, што дакладна не ведае, але «імаверна, не».Пасля допыту сведкаў суд перайшоў да абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў справы. Усяго ў ёй 11 тамоў. Сярод іншага, пракурор Літвінюк зачытала пратаколы аб аператыўна-вышуковай дзейнасці, з якіх вынікае, што сілавікі праслухоўвалі кіраўнікоў і чальцоў РЭП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?