«Радыё Свабода» апублікавала рэпартаж з аўтапераходу Завольша — Рудня на беларуска-расейскай мяжы, дзе ад 1 жніўня меліся забараніць праезд іншаземцаў.

Паводле зьвестак расейскага лягістычнага сайту logirus.ru, урад Расеі з 1 жніўня зьбіраўся спыніць пропуск грамадзян трэціх краін празь беларуска-расейскую мяжу.

Карэспандэнт Свабоды накіраваўся на аўтапераход Завольша-Рудня, каб спраўдзіць, як цяпер трапляюць у Расею іншаземныя аўтамабілі.

Аўтапераход Завольша — Рудня — на мяжы Віцебшчыны і Смаленшчыны. Ён прызначаны для руху легкавога і грузавога транспарту па так званым «Калінінградзкім калідоры» — шляху з Калінінграду ў Маскву церазь Літву. Машыны зь літоўскімі і латвійскімі нумарамі тут едуць часта. Дзень 1 жніўня ня стаў выключэньнем: пра сёньняшнюю нібыта забарону на ўезд у Расею кіроўца літоўскай кампаніі Girteka нават ня чуў.

Ён дадае, што кампанія Girteka ахвотна прымае на працу беларусаў. Не ў апошнюю чаргу дзеля таго, каб пазьбегнуць праблем з праходжаньнем беларуска-расейскай мяжы ў выпадках забароны на ўезд для грамадзян Эўразьвязу.

На беларуска-расейскіх аўтапераходах няма памежнікаў, бо афіцыйна няма міждзяржаўнай мяжы. Але час ад часу прыяжджаюць так званыя «лятучыя брыгады» памежнікаў, якія спраўджваюць пашпарты і могуць «завярнуць» іншаземца.

Такое здаралася і раней — яшчэ да абвешчанай даты 1 жніўня, кажа кіроўца-беларус Андрэй:

«Пазаўчора тут на маіх вачах «завярнулі» грамадзяніна Ўкраіны на легкавіку зь літоўскімі нумарамі. Такое час ад часу здараецца, бо фармальна ўсё слушна: праз двухбаковыя пераходы маюць права праяжджаць толькі беларусы ды расейцы. Ад «страхаўшчыкоў» я чуў, што ад сёньня сапраўды хацелі спыняць замежнікаў, але забарона дзейнічала толькі дзьве гадзіны. Потым прыйшоў факс, і яе адмянілі».

Паколькі на памежжы, апрача страхаўшчыкоў і мытнікаў, няма іншых структур, то дазнацца пра падрабязнасьці больш няма ў каго.

Віталь, работнік беларускай страхавой кампаніі, пра магчымую забарону ўезду на тэрыторыю РФ для іншаземцаў чуў. Ён бачыў, што напярэдадні расейцы сапраўды некалькі разоў спынялі і «заварочвалі» грамадзянаў Польшчы і Літвы.

За пэрыпэтыямі на дарозе назіраюць і работнікі прымежнай кавярні. Сюды заходзяць і кіроўцы, і пасажыры, і страхаўшчыкі — як зь беларускага, так і з расейскага боку.

Тацяна працуе тут з 2010 году і кажа, што гэта ня першае «абвастрэньне на мяжы»:

«У нас на мяжы «абвастрэньні», як толькі ва ўрадзе ў кагосьці кепскі настрой. То ў нашым, то ў іхным. Парадку ня будзе, пакуль ня прымуць нармальныя законы. А ня так, што «хочам — пусьцім, ня хочам — ня пусьцім». Колькі разоў мы такое ўжо назіралі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?