Пры праверцы Лунінецкага раённага фізкультурна-спартовага клуба (РФСК) «Здароўе» пракуратура выявіла карупцыйныя парушэнні закона. 

У каментары media-polesye.by намесніца пракурора Лунінецкага раёна Вольга Багатырэвіч распавяла падрабязнасці здарэння. 

Былы старшыня клуба «Здароўе», карыстаючыся службовымі паўнамоцтвамі, з 4 студзеня па сакавік 2018 года не ўнёс на рахунак РФСК 5000 рублёў. Гэтыя грошы ён атрымаў ад дырэктара мінскай фірмы за арганізацыю трэніровак расійскага хакейнага клуба. 

26 ліпеня пракурор раёна пачаў на мужчыну крымінальную справу. Яго вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым паўторна. Экс-кіраўніку клуба пагражае ад двух да сямі гадоў пазбаўлення волі са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. 

Паведамляецца, што цяпер падазраваны кампенсаваў прычыненую шкоду. Ён узяты пад варту.

Таксама яго вінавацяць у тым, што з 2016 па 2018 год ён незаконна атрымаў прэміі з бюджэту Лунінецкага раёна і пазабюджэтных сродкаў РФСК. У справе фігуруе сума прыкладна ў 8000 рублёў.

Па словах намесніцы пракурора, у датычнасці да злачынства парвяраюць і іншых чыноўнікаў са спартовай сферы Лунінецкага раёна. Шэраг з іх затрыманы, у тым ліку — былы дырэктар дзіцяча-юнацкай школы па зімовых відах спорту «Алімп-2011».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру