«Цэнтар кіраваньня расьсьледаваньнямі», у рамках праекту якога журналісты Архан Джэмаль, Аляксандр Растаргуеў і Кірыл Радчанка адправіліся ў Афрыку, апублікаваў усю наяўную ў іх інфармацыю пра дэталі гэтай паездкі, піша радыё «Свабода».

У сталіцу Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі горад Бангі група прыляцела раніцай у суботу 28 ліпеня. Трапіць на базу Берэнга, дзе, як мяркуецца, расейскія найміты навучаюць нацыянальную армію ЦАР FACA, журналісты не змаглі: у іх запатрабавалі дазвол Мінабароны ЦАР.

Затым група плянавала патрапіць у горад Бамбары і сустрэцца з супрацоўнікам структуры ААН у ЦАР (MINUSCO). Ён павінен быў даць інфармацыю па сытуацыі з расейскімі ваеннымі інструктарамі ў ЦАР, дапамагчы са здымкамі залатых капалень Ndassima, а таксама абяцаў кантакты афіцыйных асобаў, якія гатовыя былі гаварыць пад запіс у Бангі.

Журналістаў забілі 30 ліпеня з аўтаматычнай зброі за 180 км ад Бангі, гаворыцца ў паведамленьні «Цэнтра кіраваньня расьсьледаваньнямі». Хто гэта зрабіў і чаму — невядома.

Месца, дзе адбылася трагедыя, знаходзіцца паміж населенымі пунктамі Сібю і Кага-Бандаро, што ў баку ад меркаванага маршруту групы. У «Цэнтры» не ведаюць, чаму журналісты адхіліліся ад маршруту.

Джэмаль, Растаргуеў і Радчанка прыехалі ў ЦАР па турыстычных візах і не былі акрэдытаваныя ў расейскай амбасадзе і консульстве. Гэта было зьвязана з аб’ектам расьсьледаваньня — «Прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра».

Расьсьледаваньне доўжылася ўжо некалькі месяцаў, і да моманту паездкі вялікая частка матэрыялаў, якая магла быць сабрана ў Расеі, ужо была гатовая, гаворыцца ў паведамленьні «Цэнтра кіраваньня расьсьледаваньнямі».

Праект фінансаваў інвэстар Міхаіл Хадаркоўскі. Грошы ішлі на аплату працы, паездак, аховы, камунікацый, перасоўваньняў, страховак і абсталяваньня.

Даставіць целы загінулых журналістаў у Расею павінны ў суботу, 4 жніўня.

«Разам з шэрагам міжнародных арганізацый «Цэнтар кіраваньня расьсьледаваньнямі» праводзіць уласнае расьсьледаваньне з мэтай высьвятленьня ўсіх абставінаў трагедыі і выяўленьня вінаватых», — гаворыцца ў паведамленьні «Цэнтру».

Андрэй Каняхін, галоўны рэдактар «Цэнтра кіраваньня расьсьледаваньнямі», на замову якога Архан Джэмаль, Аляксандр Растаргуеў і Кірыл Радчанка працавалі ў цэнтры, сказаў Настоящему времени, што не выключае таго, што забойства магло быць зьвязана з прафэсійнай дзейнасьцю журналістаў.

Забіты ў ЦАР журналіст Архан Джэмаль не хацеў ехаць у гэтую, якая стала апошняй для яго, камандзіроўку ў Афрыку. Пра гэта распавёў сябар і калега Архана журналіст Васіль Палонскі.

Пра гібель Архана Джэмаля, Кірыла Радчанкі і Аляксандра Растаргуева стала вядома 31 ліпеня. Яны паехалі ў краіну, дзе ўжо шмат гадоў не сьціхае грамадзянская вайна, а ўлада кантралюе толькі сталіцу і найбліжэйшыя ваколіцы, дзеля здымак фільма аб «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра». Заказчыкам быў праект «Цэнтар кіраваньня расьсьледаваньнямі» Міхаіла Хадаркоўскага. Абставіны гібелі журналістаў пакуль дакладна не ўстаноўлены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?