Падчас археалагічных раскопак на паселішчы каля вёскі Гальшаны Ашмянскага раёна знойдзены дом дружынніка X стагоддзя, паведаміў БелТА кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Павел Кенька.

Каля Гальшан знаходзіцца комплекс археалагічных помнікаў, які ўключае гарадзішча, селішча і тры курганныя групы.

Мястэчка Гальшаны ўпершыню згадваецца ў «Хроніцы Быхаўца».

«У гэтым годзе падчас раскопак на паселішчы ўдалося знайсці жылую пабудову X стагоддзя.

Яна ўяўляе сабой два ланцужкі падмурка з буйных валуноў, печ-каменку, агмень для гатавання ежы, а таксама канструкцыю з буйных плоскіх камянёў, прызначэнне якой яшчэ трэба будзе высветліць», — сказаў Павел Кенька.

Такія пабудовы сустракаліся ў найбольш важных цэнтрах беларускага і літоўскага Панямоння (Ваўкавыску, Крэве, Навагрудку, Вільні).

У пабудове знойдзеныя прадметы, якія датуюцца X стагоддзем: паясныя накладкі на дружынны пояс з Волжскай Булгарыі, фрагмент похвы мяча са Скандынавіі, фрагмент срэбнага дырхема, адбітага ў Арабскім халіфаце, гірка для ўзважвання срэбра, фрагмент бранзалета і гузік на кафтан з Кіева.

Гэты набор артэфактаў — рэчы дружынніка, якія маюць як паўночнае (скандынаўскае), так і паўднёвае (хазарска-вугорскае) паходжанне і якія адлюстроўваюць моду таго часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0