Начальнік аддзела аператыўнага кантролю Мінгаркампрыроды Дзмітрый Александровіч, прыпаркаваўшы службовы транспарт на спецыяльна адведзенай пляцоўцы, запускае ў неба квадракоптар.
— Дрон з'явіўся ў камітэце не так даўно, — тлумачыць эколаг. — І мы ўскладаем на яго вялікія надзеі, таму што з дапамогай такой прылады можна вельмі хутка вывучыць абстаноўку на той тэрыторыі, дзе праводзіцца рэйд. Квадракоптар зусім не перашкаджае тым, хто адпачывае, і здольны пракрасціся туды, дзе праблематычна праехаць на транспарце або прайсці пешшу. Акрамя таго, ён эканоміць нам паліва і дапамагае знізіць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу.
Вінтакрылыя машына з пацешным гудзеннем падымаецца ў паветра. Хвіліна-другая — і яна раствараецца ў небе. А на экране манітора, які трымае ў руках начальнік аддзела, праплываюць сімпатычныя краявіды.
У прыбярэжнай паласе каля вадасховішча звычайна пакідаюць свой транспарт аматары рыбалкі. На гэты раз удзельнікі рэйду выяўляюць адразу некалькі парушальнікаў.
— Вы ў курсе, што паркавацца бліжэй чым за 30 метраў ад зрэзу вады забаронена? — цікавіцца ў аднаго з такіх кіроўцаў Дзмітрый Александровіч.
— Першы раз чую, — кажа парушальнік.
Аднак не спрачаецца і моўчкі падпісвае пастанову аб адміністрацыйным спагнанні. Штраф у дадзеным выпадку складае 12,25 рубля.
— Аплаціце ў банку і прынесяце квітанцыю ў Мінгаркампрыроды на Пляханава, 18, — тлумачыць парадак дзеянняў эколаг. — А зараз перастаўце, калі ласка, ваш транспарт на паркоўку паблізу.
Уладальнік белага «Пежо» і тут не спрачаецца.
А вось гаспадар «Аўдзі», адагнаўшы сваю машыну далей ад вады, адмаўляецца прад'явіць вадзіцельскія дакументы.
— Вы ж не ДАІ, — пярэчыць мужчына.
Удзельнікі рэйду таксама не спрачаюцца.
— Калі кіроўца не згодны з прэтэнзіямі ці не гатовы прад'явіць дакументы, складаецца не пастанова, а пратакол. У нас ёсць фота, на якім зафіксавана парушэнне. Штраф у такой сітуацыі будзе значна вышэйшы, — кажа Дзмітрый Александровіч.