Міхаіл Бабіч. Фота: kremlin.ru.

Міхаілу Бабічу, якога плануюць накіраваць паслом Расіі ў Беларусі, можа быць нададзены ў Мінску асаблівы статус. Абмяркоўваецца, што акрамя прызначэння на пасаду пасла ён таксама будзе прызначаны спецпрадстаўніком прэзідэнта Расіі. Пра гэта РБК распавяла крыніца, блізкая да Крамля, і пацвердзіў суразмоўца, блізкі да МЗС.

Сумяшчэнне пасады пасла ў іншай дзяржаве з пасадай спецпрадстаўніка прэзідэнта — досыць рэдкі выпадак у расійскай дыпламатычнай практыцы.

Напрыклад, дзве пасады сумяшчалі Віктар Чарнамырдзін і Міхаіл Зурабаў, якія былі пасламі ва Украіне і адначасова спецпрадстаўнікамі прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічных адносін.

Пасада спецпрадстаўніка прэзідэнта дае паслу дадатковыя рычагі ўплыву, кажа крыніца, блізкая да МЗС. Акрамя традыцыйнай дыпламатычнай працы па лініі МЗС ён можа па сваім кірунку ставіць задачы расійскім органам выканаўчай улады, збіраць нарады з удзелам чыноўнікаў урада, тлумачыць суразмоўца РБК.

Паколькі адносіны Масквы і Мінска час ад часу складваюцца няпроста, прэзідэнту Расіі важна мець у Беларусі не проста пасла, а чалавека з дадатковымі паўнамоцтвамі, кажа крыніца, блізкая да Крамля.

Кандыдатуру Міхаіла Бабіча на пасаду пасла Расіі ў Беларусі ўжо ўхвалілі камітэт Дзярждумы па справах СНД і камітэт Савета Федэрацыі па міжнародных справах. Цяпер Масква чакае агрэман на яго прызначэнне.

Пасол Сурыкаў, што ў Мінску ад 2006 года, пакіне пасаду, піша РБК.

Міхаіл Бабіч з лістапада 2002 па люты 2003 года быў старшынёй урада Чачні. Пасля звальнення ў ліпені 2016 г. пасла Расіі Міхаіла Зурабава быў прызначаны паслом ва Украіне, але Кіеў адмовіўся ўзгадніць яго кандыдатуру.

Чытайце таксама: Кандыдат у паслы Расіі ў Беларусі праславіўся як «сматрашчы ФСБ». Ці стане Беларусь яго трамплінам да найвышэйшых пасад у Маскве?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру