Фота Wikipedia Commons.

Першую партыю слімаковай ікры атрымалі ў Гродзенскай вобласці. Прадукт, унікальны для Беларусі, на смак нагадвае чырвоную ікру ласося, але каштуе ў некалькі разоў даражэй. Асаблівай папулярнасцю ікрынкі слімакоў карыстаюцца ў еўрапейскіх гурманаў.

Муж і жонка Уладзімір і Вікторыя Рабковы на некалькіх сотках у спецыяльных вальерах вырошчваюць слімакоў. Чатыры гады таму, пераехаўшы з Данецкай вобласці сюды, у Карэліцкі раён, пара купіла вясковы дом, і, як сведчыць сямейная легенда, слімак, які прапаўзаў міма, сам падказаў бізнес-ідэю. Добры экспартны патэнцыял, а такі тавар карыстаецца павышаным попытам у Еўропе, і цікавасць да далікатэсу з боку айчынных рэстаратараў падштурхнулі фермераў заняцца нават селекцыйнай працай. Так, у гэтым годзе на ферме з'явіліся буйныя асобіны, распавядае БТ-1.

На ферме Рабковых — каля 3 тон слімакоў. Увагі да сябе гадаванцы патрабуюць павышанай. Сілкуюцца выключна збалансаваным рацыёнам, у які ўваходзяць зеляніна, камбінаваныя кармы, а яшчэ гарох, кукуруза, ячмень і мінеральныя рэчывы, неабходныя для росту панцыра. У гарачы дзень малюскаў абавязкова трэба паліваць кожныя паўгадзіны. Ёсць тут і свой дзіцячы сад.

У гэтым годзе сямейная пара вырашыла асвоіць новы від прадукцыі. Плануюць пастаўляць на рынак не толькі непасрэдна слімакоў, але і іх ікру. Першую доследную партыю атрымалі літаральна днямі. Адзін малюск прыносіць прыкладна 3—4 грамы далікатэсу, але бізнэс-праект, запэўнівае гаспадар, сябе акупіць. Бо кошт прадукту ў некалькі разоў перавышае самую дарагую чырвоную ікру ласося. Увесь працэс нагадвае працу ювеліра з дыяментамі, кожная ікрынка адбіраецца ўручную.

Муж і жонка Рабковы слімаковую ікру атрымалі першымі ў Беларусі. А таму попыт на яе чакаюць вялікі. Цяпер мясцовым гурманам, каб паспрабаваць даволі папулярны на Захадзе далікатэс, не абавязкова ехаць у Францыю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру