Асноўны кандыдат па пасаду пасла Расіі ў Беларусі — Міхаіл Бабіч. Як сцвярджаюць расійскія медыі са спасылкай на кулуарныя размовы, ён можа атрымаць яшчэ і статус асаблівага прадстаўніка прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.
Чытайце: Крыніца ў Крамлі: Бабічу прапанавалі пасаду спецпрадстаўніка Пуціна ў Беларусі
Чытайце: Кандыдат у паслы Расіі ў Беларусі праславіўся як «сматрашчы ФСБ»
Ад такога пасла-спецслужбіста адмовілася ў 2016-м годзе Украіна.
Ці можа Беларусь дазволіць сабе тое ж самае і што ўвогуле думаюць пра Бабіча ў высокіх кабінетах?
«Наша Ніва» распытала пра гэта ў людзей, набліжаных да ўлады.
«Калі ты звычайны пасол, то для прыняцця рашэнняў ты ідзеш па лініі: пасольства — МЗС — урад — Адміністрацыя.
Асаблівы статус азначае, што для прыняцця рашэнняў па Беларусі Бабіч будзе дзейнічаць наўпрост з органамі ўлады Расіі. Калі ты прадстаўляеш прэзідэнта, то можаш спакойна патэлефанаваць адразу Шайгу, любому губернатару, кіраўніку Рассельгаснагляда, умоўна, і гэтак далей. У адных руках аказваецца вельмі шмат нітак і адміністрацыйнай улады.
З улікам і без таго празрыстых межаў між Беларуссю і Расіяй — гэта фактычна генерал-губернатарства ці вельмі блізка да таго.
Не прыняць яго фармальна можна, так ужо было раней, але цяпер сітуацыя трохі іншая. Улічваючы нашу «братэрскую любоў», гэта як жонку выставіць за дзверы.
І таксама важны момант — Расія імкнецца паставіць у Беларусі моцную фігуру. Спачатку разглядалі Суркова з яго сувязямі, Ткачова. Цяпер — Бабіча. Задача рускіх — не паставіць другога Зурабава, які ў іх уяўленні прас**аў Украіну», — сказала нам адна крыніца.
«Калі Бабічу нададуць спецстатус, то гэта стане сведчаннем асаблівай увагі да працэсаў у Беларусі: гэта і жаданне мець большы ўплыў на тое, што ў нас адбываецца, у iнтарэсах расiйскага боку, — выказаўся другі чалавек. — З улiкам геапалiтычнай сiтуацыi у рэгiёне гэта сведчыць, у сваю чаргу, што намер і жаданне канвертуюцца ў рэалізацыю таго кантролю і ўплыву.
I непазбежна вядзе да актывiзацыi тых прарасiйскiх сiл у нашай краiне, якiя непрыязна ставяцца да беларускай незалежнасцi.
Гэта, у сваю чаргу, вяло б да актывiзацыi палiтычных плыняў у самой краiне i мiжнародных уплываў на ўнутраную сiтуацыю. I усё гэта магло б скласцiся у сiнергетычны эфект, небяспечны для нашай стабiльнасцi i незалежнасцi», — падсумаваў другі эксперт, блізкі да ўладных колаў.
«Рускія ўжо на нізкім старце — яны праводзяць супраць нас інфармацыйныя аперацыі (кшталту качак пра інсульт Лукашэнкі, але гэта толькі адна ў цэлай чарадзе) і сватаюць паслом чалавека, які спрычыніўся да разгрому нацыянальных эліт і мовы ў Татарстане. Вядома, калі мы не прымем гэтага чалавека, то будуць нейкія кулуарныя санкцыі, якія выліюцца ў тое, што бюджэт згубіць грошы, — сказаў яшчэ адзін суразмоўца «Нашай Нівы». —
Можна свядома пайсці на рашучы крок і адмовіць, але можна пайсці іншай дарогай — прыняць, але без асаблівага статусу, і аблашчыць, паспрабаваць зрабіць кантраляваным.
Але ў любым разе рашэнне тут за Лукашэнкам, толькі ён можа яго прыняць, меркаванне МЗС мае кансультатыўную ролю», — сказаў супрацоўнік аднаго з ведамстваў.





