«Калі слупок тэрмометра ідзе ўверх, вам здаецца, што сусвет вашых сноў нагадвае фільм Дэвіда Лінча. Дык ці ўплывае спякота на змест і частату вашых сноў?» — піша Figaro.
Аўтар артыкула падае меркаванні некалькіх спецыялістаў. Крысціян Рыдэль, аўтар кнігі «Каханне і сэкс у вашых снах», лічыць, што ні тэмпература паветра, ні якія іншыя знешнія фактары не ўплываюць на тое, што мы бачым, калі спім. А вось што сапраўды ўплывае на сон, дык гэта стыль жыцця.
Калі чалавек позна кладзецца і ўжывае алкаголь, сны могуць утрымліваць своеасаблівыя перасцярогі, лічыць Рыдэль.
Доктар Філіп Бальё мае іншы погляд. На яго думку, людзям здаецца, што іх сны ў спякотнае надвор'е больш насычаныя з-за таго, што ім лягчэй запомніць тое, што прыснілася.
«Мозг мае патрэбу знізіць ўласную тэмпературу, каб заснуць. Калі спякота не дазваляе гэтага зрабіць, сон робіцца больш нестабільным і парывістым, а начныя абуджэнні здараюцца часцей», — цытуе яго газета.
Выданне падкрэслівае, што менавіта ў моманты абуджэння можна выразна ўспомніць тое, што прысніў.