Лондан мае намер накіраваць Маскве запыт на выдачу расіян, якія падазраюцца ў атручванні людзей нервова-паралітычным рэчывам у брытанскім горадзе Солсберы. Пра гэта піша ў панядзелак, 6 жніўня, газета The Guardian са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе і сілавых структурах Вялікабрытаніі.
Паводле газеты, улады хочуць дамагчыся экстрадыцыі з Расіі двух грамадзян краіны. Адзначаецца, што за месяцы расследавання, якое вялі сотні паліцэйскіх і супрацоўнікаў спецслужб, яны «цалкам прасачылі перамяшчэнні двух расіян з моманту іх уезду ў Вялікабрытанію і да ад'езду» з краіны.
Выданне піша, што запыт падрыхтавала Каралеўская пракурорская служба. Яна гатовая накіраваць яго ў любы момант. У той жа час The Guardian адзначае, што падобны запыт несумненна будзе адкінуты Расіяй і прывядзе да новага раўнда дыпламатычнага скандалу.