Слуханні па справе расейскай кампаніі «Маноліум працэсінг» супраць Рэспублікі Беларусі адбудуцца ў Гаазе праз год. Пра гэта Tut.by паведамілі інфармаваныя крыніцы.

15 лістапада 2017 «Маноліум працэсінг» апавясціў улады Беларусі аб арбітражы, і з гэтага моманту пачаўся арбітражны разгляд паміж расійскім інвестарам і Рэспублікай Беларусь.

Сума пазову складае каля 200 млн даляраў.

«Маноліум працэсінг» пабудавала ў Мінску тралейбуснае дэпо, але не атрымала за яго кампенсацыю. Як лічылі беларускія ўлады - з прычыны зрыву рэалізацыі інвестдамовы па ўзвядзенню ў цэнтры Мінска шматфункцыянальнага комплекса.

Патрабаванні расійскай кампаніі выстаўленыя на падставе Дамовы аб ЕАЭС у адпаведнасці з Арбітражным рэгламентам ЮНСІТРАЛ. Быў сфармаваны склад арбітраў. Адзін прызначаны расейскім бокам, Станімір Аляксандраў (Балгарыя), другі - Беларуссю, Брыджыт Штэрн (Францыя), трэці, старшыня, - быў узгоднены першым і другім арбітрамі - Хуан Фернандэс-Армэста (Іспанія).

Па словах суразмоўцаў, прадстаўнікі Беларусі прасілі падзелу арбітражнага разбору на некалькі этапаў для таго, каб пытанні юрысдыкцыі і страт былі разгледжаны паэтапна (гэта значыць калі не будзе юрысдыкцыі, не будзе адказнасці і аналагічна - страт). Арбітры адмовілі ў гэтым «пасля вывучэння працэсуальных дакументаў, прадстаўленых бакамі».

Беларусь скарысталася таксама дамовамі аб прававой дапамозе з Расіяй, што прывяло да выкліку кіраўнікоў «Маноліум працэсінг» Андрэя Далгова і Арама Екавяна ў МУС РФ на гутарку.

На пытанні праваахоўнікаў пра прычыны нявыплаты падатку на нерухомасць у Беларусі ў 2013-2016 бізнесмены растлумачылі, што лічылі карыстанне зямельнымі ўчасткамі ў Мінску, вылучанымі ў часовае карыстанне ў рамках інвестдамовы, правамерным.

Далгоў таксама паведаміў прадстаўнікам МУС РФ аб тым, што на ўсе просьбы «Маноліум-Інжынірынг» (беларуская «дачка» «Маноліум працэсінг») аб вяртанні зямельных участкаў, вылучаных ёй у часовае карыстанне, і аб'ектаў нерухомасці, якія знаходзяцца на зямельных участках, ва ўласнасць Мінска Мінгарвыканкам адказваў адмовай, што ў канчатковым выніку прывяло да банкруцтва «Маноліум-Інжынірынг», распавяла інфармаваная крыніца.

Слуханні па справе прызначаныя на 29 ліпеня - 2 жніўня 2019 у Гаазе, дзе знаходзіцца Пастаянная Палата Трацейскага Суда (Permanent Court of Arbitration).

Гэтую інфармацыю Tut.by пацвердзілі ў юрыдычнай кампаніі Baker & McKenzie, якая прадстаўляе інтарэсы «Маноліум працэсінг».

Міністэрству эканомікі даручана адстойваць інтарэсы Беларусі. Гэта вынікае з пастановы Саўміна ад 7 жніўня № 582. Мінэканомікі можа абараняць інтарэсы дзяржавы самастойна або з прыцягненнем юрыдычнай кампаніі. Інтарэсы Беларусі будзе адстойваць міжнародная юрыдычная фірма White & Case, пацвердзілі Tut.by у Мінэканомікі. Ад іншых каментароў там адмовіліся. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0