Святлана Мікалаеўна, маці загінулага Аляксандра Коржыча, выступіла 9 жніўня на судзе над трыма сяржантамі з Печаў.
У сваіх паказаннях яна ўзгадала некалькі гісторый, якія нібыта расказваў ёй сын. Так, напрыклад, некаторых салдат у Печах перад сном прымушалі адзяваць ашыйнік з іголкамі знутры, узгадала Святлана Мікалаеўна аповеды сына.
Таксама сын распавёў ёй, як выратаваў салдата-самагубцу, расказала Святлана Коржыч. Саша казаў, што падчас прахаджэння курсу маладога байца прачнуўся і ўбачыў хлопца ў пятлі. Коржыч падхапіў салдата, паклікаў іншых хлопцаў, самагубцу выратавалі.
Праўда, далейшы лёс таго хлопца невядомы. Святлана Коржыч запэўнівае, што гісторыя праўдзівая, да яе нават нібыта прыходзіла маці таго выратаванага салдата з падзякамі.
Аднак Мінабароны катэгарычна адказвае: такой гісторыі не было, гэта выдумка.
«Як адзначалася яшчэ падчас прэс-канферэнцыі, якая праводзіцца сумесна Следчым камітэтам і Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь у красавіку 2018 года, гэтая інфармацыя не знайшла свайго пацверджання. Калі б падобная спроба суіцыду мела месца, такі вайсковец канечне даваў бы паказанні падчас працэсу», — паведамляе сайт Міністэрства абароны.
А прэс-сакратар міністэрства Уладзімір Макараў адказаў на пытанне пра выратаванага самагубцу так: «Няма такога хлопца і не было ніколі!»





