Пажар здарыўся ў вёсцы Валодзькі Свірскага сельсавета на Мядзельшчыне 2 жніўня.
Гаспадар паведаміў ратавальнікам пра тое, што гарыць яго дом.
Калі спецыялісты апынуліся на месцы, убачылі, што гарыць не толькі дом, а яшчэ тры хлявы. Усе будынкі былі пад адным дахам.
— 23-гадовы гаспадар вельмі позна звярнуўся да ратавальнікаў, — распавяла «Рэгіянальнай газеце» інспектар групы прапаганды і агітацыі Мядзельскага РАНС Ірына Карапецян. — Убачыўшы пажар ва ўласным доме, ён яшчэ доўга бегаў па вёсцы і пытаўся, куды трэба тэлефанаваць.
Да таго ж, па словах мужчыны, ён паадчыняў усе вокны і дзверы. У памяшканне трапіла шмат паветра, і гарэнне ўзмацнілася.
— Гаспадару варта было, адчыніўшы дзверы і пабачыўшы пажар, хуценька зачыніць іх, — кажа Ірына.
У выніку здарэння тры хлявы згарэлі амаль цалкам. У дома згарэў і абваліўся дах, пашкоджаныя сцены, перакрыцці і маёмасць.
Прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём у нецвярозым стане.