Раніцай 7 жніўня Следчы камітэт праводзіць першыя публічныя дзеянні ў межах так званай «справы БелТА». Пачынаюцца вобшукі ў рэдакцыях партала TUT.by і БелаПАН, затрымліваюцца рэдактары і журналісты гэтых медыя. А ўжо вечарам гэтага ж дня ў газеце прэзідэнцкай адміністрацыі «СБ-Беларусь сегодня» з’яўляецца матэрыял на тэму «крадзяжу матэрыялаў з платнай падпіскі БелТА» з пацвярджэннем «злачынства» — аўдыязапісам «праслушкі» размовы журналістаў TUT.by. Менавіта ў тым запісе гучаць словы «Так, мы тырым».

Пра тое, наколькі законна публікаваць матэрыялы следства да вынясення прысуду, мы цяпер разважаць не будзем. Зміцер Лукашук з Еўрарадыё зрабіў тое, што не зацікавіла «аддзел журналісцкіх расследаванняў» «СБ» — супаставіў даты. Але па чарзе.

«Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БЕЛТА» аб збоях пры ажыццяўленні доступу да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся тэлеграфным агенцтвам аднаго з яго заказчыкаў. Супрацоўнікі МУС пачалі праверку і выявілі шматлікія факты неправамернага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з'яўляецца БелТА», — чытаем у матэрыяле СБ тлумачэнні кіраўніка прэс-службы Следчага камітэта Сяргея Кабаковіча.

Значыцца, праслухоўваць тэлефоны журналістаў TUT.by пачалі пасля таго, як да праваахоўнікаў звярнулася кіраўніцтва БелТА і была распачатая праверка. Калі гэта было?

У Следчым камітэце Еўрарадыё так і не далі адказ як на пытанне, калі была распачатая крымінальная справа, так і на пытанне, калі ў міліцыю прыйшоў зварот ад БелТА.

На другое пытанне адказ дае галоўны рэдактар БелТА Ірына Акуловіч. Хоць і называе даволі прыблізную дату.

«Гэта быў альбо канец красавіка, альбо пачатак траўня. Я баюся назваць вам не тую лічбу і потым акажацца, што я дала вам недакладную інфармацыю», — кажа Ірына Акуловіч.

Галоўным рэдактарам БелТА Ірына Акуловіч становіцца на пачатку красавіка 2018 года. Можа, звароты з боку карыстальнікаў платнай стужкай навін інфармагенцтва наконт праблем з доступам былі да яе прыходу? Не, кажа Ірына Акуловіч, звяртацца карыстальнікі пачалі пасля яе прыходу на пасаду галоўнага рэдактара.

Добра, і гэтага пакуль дастаткова. Цяпер удакладняем у галоўнага рэдактара TUT.by Марыны Золатавай, калі адбывалася тая размова наконт «тырым».

«Размова была ў сакавіку», — коратка адказвае Золатава.

А цяпер супаставім тэрміны: запісаная з дапамогай праслушкі размова была ў сакавіку, а зварот у міліцыю і, адпаведна, праверка выкладзеных там фактаў супрацоўнікамі МУС - у канцы красавіка — пачатку траўня. Розніца як мінімум у месяц!

Выбачайце, а на якой падставе, у межах якой крымінальнай справы ці праверкі вялася праслушка тэлефонных размоў журналістаў TUT.by?

Юрыст Павел Сапелка не выключае, што праслушку маглі весці ў межах «аператыўнай распрацоўкі». З якой нагоды і хто — адказу няма.

Як стала вядома Еўрарадыё, хоць у «СБ-Беларусь сегодня» аўдыязапіс і перадалі яны, але сам запіс быў зроблены не супрацоўнікамі СК. Міліцыя ў сакавіку праверку па звароце БелТА яшчэ не праводзіла і, хутчэй за ўсё, размову журналістаў не праслухоўвала.

Калі зыходзіць з таго, што санкцыю на праслухоўванне тэлефонных размоў журналістаў у нас можа, апроч пракуратуры, даць асабіста старшыня альбо СК, альбо КДБ, то здагадацца, адкуль тырчаць вушы, не складана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?