Мы папрасілі некаторых такіх мужчын расказаць, чаму яны прынялі сваё рашэнне і чаму не лічаць яго нечым звышнатуральным.
Максім Калядка, начальнік аддзела аўтаматызацыі, узяў прозвішча жонкі:
— Маё прозвішча ад нараджэння (Осіпаў) мяне ні з чым не звязвае, таму я адмовіўся ад яго. З родным бацькам я амаль што не камунікую. Я асабліва па гэтым пытанні не парыўся і сказаў будучай жонцы, што магу ўзяць яе прозвішча. Сядзелі, абмяркоўвалі гэты момант — і з майго боку гэты жэст стаў для яе падарункам у нейкім сэнсе.
Я радыкальна быў настроены змяніць прозвішча яшчэ ў 16 гадоў, але тады мне трэба было хутка выязджаць за мяжу, таму я пакінуў у пашпарце стары варыянт. Разглядаў у якасці альтэрнатывы і прозвішча маці, і айчыма, які мяне гадаваў.
Усе адрэагавалі на такі жэст спакойна — сябры, што прыйшлі на вяселле, даўно былі ў курсе. Памятаю, толькі ў ваенкамаце пажартавалі неяк, маўляў, такім чынам хацеў ад іх схавацца.
У мяне і муж маёй сястры узяў яе прозвішча і не парыцца. А ёсць шмат сяброў, якія не бралі прозвішчы адзін аднаго — кожны пад сваім жыве.
Ігар Бандарэнка, праграміст, бубнач гурта «Тлушч», узяў прозвішча маці:
— Я не жыву з бацькам гадоў з дзесяці і выразна ведаў: калі прыйдзе час ствараць сваю сям’ю, я не хачу дзяліць гэта з прозвішчам таты. Ну, вось мне 29, я жанюся, таму ўжо не Гельдыеў, а Бандарэнка.
Мая маці, дарэчы, таксама даўно хацела, каб я змяніў прозвішча, недзе з майго паўналецця. Але я ўсё адцягваў з гэтай справай: усё ж прозвішча мільгае толькі ў афіцыйных дакументах, усе сябры і знаёмыя называюць па імені. Праўда, была ў мяне ад прозвішча мянушка «Геля».
Асабіста для мяне прозвішча — гэта проста прозвішча. Яно не робіць мяне больш разумным ці мужным. Куды больш важна, які чалавек унутры. Прозвішча — гэта ўсяго толькі афіцыйная этыкетка, яна нічога не вырашае.
Ілля Чарапко-Самахвалаў, акцёр, музыка, узяў двайное прозвішча:
— Я перастаў быць Чарапко і стаў Чарапко-Самахвалавым у год жаніцьбы. Так пачыналася мая «Касмічная адысея 2001». Кожны з нас хацеў захаваць сваё «дзявочае» прозвішча, але пры гэтым здабыць новае, сямейнае, якое б сведчыла пра змену статусу і пачатак доўгага шчаслівага жыцця ў новай якасці.
Я ніколі не хацеў, каб жонка ўзяла маё прозвішча: яно для яе вельмі дарагое, каб ад яго адмаўляцца.
Мы хіхікалі, вырашыўшыся на такое перакрыжоўванне: нам гэта падалося забаўным. Цяпер часам прыходзіцца тлумачыць, што Чарапко і Самахвалаў — не два розных чалавекі. Часам прозвішча не змяшчаецца ў радкі даведак, а часам для зручнасці, калі фармат дазваляе, я карыстаюся альбо першай, альбо другой яго часткай.
Я чалавек каляфеміністычных поглядаў і на некаторыя традыцыі мне пляваць з высокай званіцы. Так што я спакойна мог бы змяніць сваё прозвішча на тое, што носіць жонка: тым больш яно выдатнае.
Юрый Дзівакоў-Душэўскі, рэжысёр, хоча афіцыйна насіць прозвішча бабулі:
— Мая бабуля, спадарыня Душэўская, жанчына, якую я ніколі ня бачыў. Яна памерла, калі нават мае бацькі яшчэ не пазнаёміліся, у маладым узросце. Але для мяне яна існавала заўсёды: на фотаздымках і ў размовах сваякоў.
Гісторыі, якія мне распавядалі пра бабулю, заўсёды былі захапляльнымі і дзіўнымі. Мне расказалі, што яна марыла, каб хтосьці з яе сваякоў стаў знакамітым (артыстам ці музыкай), каб яго паказвалі па тэлевізары. Яна не проста думала пра гэта, а марыла і нават малілася.
Неяк само сабой склалася, што я стаў тым чалавекам, пра якога малілася бабуля. Так што рашэнне мець яе прозвішча стала пячаткай паміж мной і ёй.
Я даўно хачу яго дадаць у сваё жыццё афіцыйна, але пакуль рукі не даходзілі аформіць гэта на паперы.
Калі жаніўся, то прапанаваў жонцы варыянт, каб я узяў яе прозвішча. Але яна вырашыла ўзяць маё. Як па мне, было б весела штогод мець новае прозвішча і нават імя, навошта гэтыя межы.





