Былога дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Расонскім раёне прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі за хабар, паведамляе сайт Вярхоўнага суда.

Абвінавачаны ў маі 2018 года запатрабаваў ад жанчыны хабар за дапамогу ў працаўладкаванні ў арганізацыю, якую ён узначальваў. Аддзячыць яна павінна была спіртнымі напоямі і прадуктамі. Пасля размовы жанчына звярнулася ў мясцовае АУС з заявай.

Праз некалькі дзён 56-гадовы дырэктар прыняў ад яе «падарунак» на 45 рублёў, пасля чаго яго затрымалі з доказамі злачынства ў працоўным кабінеце.

Суд Расонскага раёна прызнаў абвінавачанага вінаватым у атрыманні хабару шляхам вымагання. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці, а таксама з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на чатыры гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0