У гэтым годзе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў апрабаваў новую методыку падліку вынікаў ЦТ. Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавяла першы намеснік дырэктара РІКВ Наталля Вайцяховіч.

Перш за ўсё Наталля Вайцяховіч удакладніла: вынікі ЦТ гэтага года ацэньваліся па ранейшай методыцы, «якая зацверджана загадам міністэрства адукацыі і выкарыстоўвалася на працягу больш за 12 гадоў».

— Мы можам казаць пра мадэльную апрабацыю. Вынікі ЦТ гэтага года былі разлічаны і па ранейшай, і па новай методыцы.

У чым яна заключаецца? Галоўнай перавагай новай сістэмы падліку Наталля Вайцяховіч называе празрыстасць.

— Вынікі будуць больш празрыстымі. Кожнаму заданню з варыянту тэсту будзе прысвойвацца першасны бал, які абітурыенты змогуць убачыць яшчэ да пачатку цэнтралізаванага тэставання. Ён будзе вызначаны і зацверджаны спецыфікацыяй, якую штогод зацвярджае Міністэрства адукацыі. Затым у працэсе праверкі работ абітурыентаў будуць уведзены каэфіцыенты. Далей будзе разлічаны тэставы выніковы бал. Свой ранг абітурыенты змогуць убачыць у нас на сайце.

Методыка, падкрэсліла Наталля Вайцяховіч, у сусветнай практыцы не новая: яна выкарыстоўваецца ў многіх краінах. Выкарыстоўваць яе ў Беларусі могуць пачаць ужо ў наступным годзе.

- У выніках мадэльнай апрабацыі мы ўбачылі шмат плюсаў. Пытанне знаходзіцца ў стадыі рашэння.

Зараз, нагадаем, пры ацэнцы цаны пытання ўлічваецца ў тым ліку і тое, колькі чалавек адказалі на яго правільна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?