Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама.
Свята «Іўеўскі памідор» райцэнтр прыме ўжо другі раз. Іўе лічыцца памідорнай сталіцай Гродзенскай вобласці: штогод мясцовыя вытворцы пастаўляюць ва ўсе рэгіёны Беларусі, а таксама ў краіны блізкага замежжа звыш 4,5 тыс. т вітамінавай прадукцыі.
«Усё свята, вядома, будзе прысвечана іўеўскаму памідору. Паводле распачатай летась традыцыі на галоўнай сцэне будзе закатаная першая банка таматаў ураджаю гэтага года», - распавялі ў райвыканкаме.
Паведамляецца, што ўпершыню сёлета правядуць конкурс на самы вялікі памідор. Выберуць на свяце і найлепшую памідорную страву, вызначаць самы арыгінальны рэцэпт. Пачастуюць гасцей і традыцыйным - даўжынёй у некалькі метраў - памідорным бутэрбродам.