Парафію, ліквідаваную бальшавікамі, адраджаюць праз 80 гадоў.

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец 15 жніўня, у свята Успення Найсвяцейшай Панны Марыі, асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва аднайменнага каталіцкага храма ў Гомелі.

Касцёл з такім тытулам існаваў у горадзе да 1938 года. Затым улада бальшавікоў закрыла парафію, святароў рэпрэсавалі і забілі, а ў 1940 годзе касцёл, які знаходзіўся на цэнтральнай плошчы, узарвалі камуністы.

Біскуп Казімір Велікаселец, калі прыехаў служыць у Гомель, адрадзіў парафію і зарэгістраваў яго ў 2013 годзе, затым пачаў займацца справай выдзялення ўчастка для будаўніцтва храма. Узводзіць касцёл вырашылі не на гістарычным месцы, а ў Савецкім раёне горада — на скрыжаванні Рэчыцкага праспекта і вуліцы Аб'язной. На цэнтральнай плошчы будаваць храм зараз амаль немагчыма, і ў гэтым няма вялікага сэнсу.

Пакуль адзіны касцёл у горадзе знаходзіцца таксама ў цэнтры, а ў іншых раёнах Гомеля няма каталіцкіх храмаў, і вернікі вымушаны доўга дабірацца да касцёла.

Участак пад будаўніцтва новага храма быў выдзелены на ўскраіне горада, у гэтым годзе там пачаліся падрыхтоўчыя работы. Ужо выкапалі катлаван і праклалі камунікацыі, усталяваны крыж і фігура Маці Божай, хутка з'явіцца тут і часовая драўляная капліца.

Такім чынам касцёл будуецца праз 80 гадоў пасля закрыцця ранейшай парафіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?