Хто можа здаваць кватэру

Наймадаўцам можа быць толькі ўласнік жылога памяшкання. Асоба, якая не з’яўляецца ўласнікам жылога памяшкання, можа выступаць у якасці наймадаўцы толькі пры ўмове надання яму такіх паўнамоцтваў уласнікам жылога памяшкання ў заканадаўчым парадку.

Парадак дзеянняў

Для таго, каб здаць кватэру афіцыйна, неабходна трымацца наступнага парадку дзеянняў:

1) Заключыць дамову найму 

Паколькі менавіта дамова з’яўляецца гарантам узнікнення правоў і абавязкаў наймальніка ў дачыненні да арандаванага памяшкання, то яна павінна быць заключана да моманту фактычнага карыстання наймальнікам памяшкання, якое здаецца ў арэнду.

Форму дамовы найму можна знайсці на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах nalog.gov.by.

Дамова павінна быць складзена ў трох асобніках і падпісана двума бакамі. Адзін з экзэмпляраў захоўваецца ў наймадаўцы, другі — у наймальніка, трэці — ва ўстанове, дзе адбывалася рэгістрацыя дамовы.

 У дамове прапісваюцца:

  • Пашпартныя звесткі бакоў,
  • Склад сям’і наймальніка,
  • Адрас і плошча памяшкання, якое здаецца ў арэнду,
  • Памер (у беларускіх рублях) і спосаб аплаты (наяўны, безнаяўны разлік),
  • Тэрміны аплаты (дакладная дата, напрыклад, 1-ы, 5-ты, 31-ы дзень кожнага месяца),
  • Унесеныя заставы і перадаплата,
  • Парадак аплаты камунальных,
  • Правы і абавязкі бакоў,
  • Умовы датэрміновага скасавання дамовы,
  • Правілы пражывання (напрыклад, ці дазволена ўтрыманне хатніх жывёл),
  • Пытанні рамонту і ўзнаўлення пашкоджанняў.

 Таксама можна прапісаць:

  • Наяўнасць мэблі і бытавой тэхнікі і іх стан (у некаторых выпадках мэтазгодна папярэдне скласці вопіс наяўнай да моманту засялення кватарантаў маёмасці і дакладна прапісаць парадак кампенсацыі стратаў),
  • Прызначэнне арэнднага памяшкання (дадзены пункт неабходны, каб пазбегнуць непажаданага выкарыстання кватэры — пад офіс, студыю, майстэрню і г. д.).

 2) Зарэгістраваць дамову

Зрабіць гэта можна ў мясцовым выканаўчым і распарадчым органе (гарвыканкаме, сельсавеце і інш.) альбо у арганізацыі, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду (ЖЭС, домакіраванне).

Для рэгістрацыі дамовы спатрэбяцца наступныя дакументы:

  • Заява, падпісаная ўласнікам памяшкання і грамадзянамі, якія маюць роўнае з уласнікам права на карыстанне жылым памяшканнем,
  • Пашпарт альбо дакумент, які пацвярджае асобу ўласніка жылога памяшкання,
  • Тры экзэмпляры дамовы найму,
  • Тэхнічны пашпарт,
  • Дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на жыллё,
  • Пісьмовая згода ўсіх уласнікаў (у выпадку, калі здаецца памяшканне, якое знаходзіцца ў супольнай уласнасці),
  • Дамавая кніга (пры яе наяўнасці).

 3) Зарэгістравацца ў якасці падаткаплатніка

Для гэтага неабходна пасля заключэння дамовы пайсці ў інспекцыю па падатках і зборах па месцы жыхарства. Для рэгістрацыі ў якасці падаткаплатніка неабходныя наступныя дакументы:

  • пашпарт,
  • адна з трох копій дамовы найму жылога памяшкання,
  • копія тэхнічнага пашпарта,
  • выпіска з асабовага рахунку аб усіх прапісаных на дадзенай жыллёвай плошчы асобах (бярэцца ў ЖЭСе),
  • згода ўсіх асоб, якія пражываюць з наймадаўцам (пры неабходнасці).

 4) Аплаціць падатак

Падатак на здачу жылля ў арэнду аплочваецца ў фіксаваных сумах. Пры гэтым сумы падатку штогод зацвярджаюцца мясцовымі органамі ўлады. Адпаведна для розных населеных пунктаў яны розныя і не залежаць ад адтрыманага ад найму даходу.

Прадугледжаны два спосабы аплаты падаткаў за здачу жылля ў наём:

 1) Адзіным плацяжом за ўвесь каляндарны год. У такім выпадку ўнесці аплату трэба не пазней за наступны працоўны дзень пасля ўстаноўленага ў дамове дня фактычнай здачы памяшкання ў наём. За кожны наступны каляндарны год уплата ажыццяўляецца не пазней за першы дзень года, за які сплачваецца падатак.

Важна: калі падатак аплачваецца адразу за ўвесь перыяд, то ў выпадку зменаў падатковых ставак цягам года пераразлік ажыццяўляцца не будзе.

 2) Штомесячны плацеж. У такім выпадку аплата выконваецца не пазней за наступны працоўны дзень пасля ўстаноўленага ў дамове дня фактычнага прадастаўлення памяшкання ў наём. Калі кватэра здаецца не з першага дня месяца, то налічэнне фіксаваных сум адбываецца прапарцыйна колькасці дзён здачы кватэры ў гэтым месяцы. У далейшым падатак аплочваецца штомесяц, не пазней за першы дзень таго месяца, за які ўносіцца аплата.

Важна: калі зменіцца падатковая стаўка, то сума падатку будзе пераразлічвацца ўжо ў наступным месяцы.

Арэндадаўца вызваляецца ад падаходнага падатку, калі: 

  • Памяшканне здаецца ў наём блізкім родным (ступень роднасці павінна быць пацверджана адпаведнымі дакументамі),
  • Памяшканне здаецца ў наём маладым спецыялістам (статус маладога спецыяліста пацвярджаецца копіяй працоўнай кніжкі і копіяй пасведчання аб накіраванні яго на працу).

Калі даход ад арэнды вельмі высокі

Сума падатку пры здачы жылля ў наём фіксаваная. Аднак варта памятаць, што калі на працягу каляндарнага года даход ад арэнды перавысіў пэўную суму (у 2017 годзе яна складала 5555 бел. рублёў), то ён будзе абкладацца падаткам па стаўцы 13%. Пры гэтым выплачаны ў фіксаваных сумах падатак таксама будзе ўлічвацца. У такой сітуацыі неабходна будзе да 1 сакавіка падаць у падатковую інспекцыю дэкларацыю аб сукупным гадавым даходзе і даплаціць неабходную суму.

Улічыце асноўныя моманты ў парадку афармлення дакументаў на здачу жылля ў арэнду і тым самым ашчадзіце свае час і сілы!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?