Сяргей Румас два дні як узначальвае ўрад. Ён стаў восьмым прэм’ер-міністрам за часамі Аляксандра Лукашэнкі.

Шмат хто задаецца пытаннем, а што значыць слова «Румас»? У інтэрнэце пішуць, што гэтае прозвішча, найхутчэй, мае літоўскае паходжанне.

Супрацоўнік Інстытута літоўскай мовы Лаймуціс Бількіс сказаў «НН», што ў старалітоўскай мове сапраўды існуе слова «rūmas», яно азначае «палац» альбо «жылы дом». Аднак малаверагодна, што прозвішча ўтварылася ад гэтага слова.

Найбольш блізкае да Румаса літоўскае прозвішча гучыць як «Румавічус». Спадар Бількіс тлумачыць, што яно, найбольш імаверна, утварылася ад слова «рымавічус», што перакладаецца як «спакой, супакоіцца».

«Rumus — гэта заходнелітоўскі дыялектны варыянт літоўскага ramus «спакойны». Але гэта тамтэйшая дыялектная асаблівасць. А прозвішча Румас ці Румо — гэта тутэйшыя прозвішчы. Абодва варыянты, Румас і Румо, вядомыя з Сенненшчыны. Напрыклад, адтуль карані вядомага імплантолага Алега Румо, — расказвае даследчык балцкага мінулага беларусаў Алесь Мікус. —

Rumėti — «расці, спець». Так кажуць, напрыклад, пра дзяўчыну, калі яна вырасла і трэба выдаваць замуж. Rumti — тупатаць, калупаць, прабівацца. Rumtinti — «корпацца, рыць», як свіння зямлю. Калі казаць пра агульную семантыку, дык rum- — гэта пра тое, што, выспеўшы, прадзіраецца вонкі».

Існуе і славянская версія ўтварэння прозвішча Румас. Яно магло ўтварыцца ад дзеяслова «румзаць». «Румза» мог проста трансфармавацца ў Румас. За такую версію паходжання гаворыць тое, што сярод беларускіх прозвішчаў пашыраная мадэль утварэння менавіта ад характарыстык чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?