Расійскае выданне Lenta.ru паспрабавала разабрацца, навошта Лукашэнку спатрэбіліся тэрміновыя перастаноўкі ва ўрадзе, і як яны адаб'юцца на стане беларускай эканомікі.

Выданне піша, што расійская аўдыторыя ўспрымае публічны разнос міністраў Лукашэнкам як нейкае экзатычнае відовішча. Пры гэтым для беларускіх рэалій такое ўжо даўно стала руцінай.

Лукашэнка нібыта перакананы, што рэпрэсіі ў дачыненні міністраў і чыноўнікаў падымаюць яго рэйтынгі і спрыяюць росту папулярнасці сярод насельніцтва. Аднак гэтым, мабыць, пазітыўны эфект ад іх і вычэрпваецца, піша Lenta.ru.

Выданне піша, што новы прэм'ер Сяргей Румас, якога лічаць лібералам і заходнікам, не такі ўжо і новы — да 2012 года ён займаў пасаду намесніка тагачаснага кіраўніка ўрада Міхаіла Мясніковіча. Урада, які за ўвесь час сваёй працы не прадэманстраваў ніякіх асаблівых поспехаў.

Нейкіх рэформаў ад урада Румаса не будзе, мяркуе Lenta.ru. Па-першае, Лукашэнка крытыкаваў Румаса за рынкавыя ідэі, калі той быў ва ўрадзе Мясніковіча. Лукашэнка заўсёды катэгарычна адкідаў магчымасць правядзення ў Беларусі сур'ёзных ліберальных пераўтварэнняў, патрабуючы ад профільных міністэрстваў толькі паляпшэнняў дзеючай сістэмы.

«Так ці інакш, для Лукашэнкі асноўным фактарам пры выбары кандыдатуры на тую ці іншую дзяржаўную пасаду з'яўляецца не столькі кампетэнтнасць і прафесіяналізм, колькі дысцыпліна, лаяльнасць і кіравальнасць, і Румас падыходзіць пад гэтыя параметры амаль ідэальна»,

— піша Lenta.ru.

Тым не менш такому прэм'еру сапраўды будуць рады на Захадзе, мяркуе расійскае выданне. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка, робячы кіраўніком урада ўмоўнага ліберала, разлічвае на прасоўванне ў пытаннях замежных інвестыцый і крэдытаў МВФ.

Lenta.ru звяртае ўвагу на яшчэ адно прызначэнне — віцэ-прэм'ерам, які курыруе сацыяльную сферу, культуру, спорт і ахова здароўя, стаў цяперашні пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка. Выданне мяркуе, што такое прызначэнне ўзмацняе пазіцыі Уладзіміра Макея ва ўрадзе.

Уладзімір Макей. Фота: МЗС Беларусі.

Уладзімір Макей. Фота: МЗС Беларусі.

Тым не менш разносы, гучныя адстаўкі і новыя прызначэнні наўрад ці змогуць наблізіць беларускую ўладу да вырашэння асноўнай праблемы — выхаду з эканамічнага тупіка. У Беларусі запавольваецца рост ВУП, буксуе прамысловасць. І, што самае галоўнае, Расія больш не паказвае адназначнай гатоўнасці падтрымліваць свайго хаўрусніка:

— Менавіта гэты момант — здольнасць дамовіцца з Расіяй — і стане ключавым для далейшага развіцця беларускай эканомікі, якой для нармальнага функцыянавання бракуе адной дробязі — грошай. І, як паказвае практыка, прыйсці яны могуць толькі з Масквы, а не з Бруселя, Вашынгтона ці Пекіна. Як на гэта можа паўплываць «заходні вектар» ва ўрадзе, пакуль не ясна,

— піша Lenta.ru.

Выданне адзначае, што становішча простых беларусаў прызначэнне новага прэм'ера наўрад ці палепшыць. Румас сутыкнецца з адвечнымі заганамі беларускай эканомікі — нізкай канкурэнтаздольнасцю, залежнасцю прадпрыемстваў ад падтрымкі дзяржавы і залежнасцю самой дзяржавы ад знешніх фінансавых уліванняў, пра якія прыйдзецца дамаўляцца з Расіяй. Але на гэты раз дэкларатыўнай лаяльнасці будзе недастаткова, піша Lenta.ru.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?