Ілля, Надзея і Філіп.

Ілля, Надзея і Філіп.

«Калі дзеці былі меншыя, я проста абводзіла іх ступні алоўкам на кардонцы, а потым ішла з гэтым у краму. На месцы прыкладала паперкі да абутку і рабіла выбар строга па размернай сетцы. Браць з сабой у краму дзяцей нават у тры гады яшчэ бессэнсоўна: яны не могуць нічога расказаць пра свае адчуванні. Ужо год з пяці пачынаюць дапамагаць: паказваюць, дзе цісне, чаму ім некамфортна. Акрамя таго, у старэйшага Іллі ўжо сфарміраваўся звод ступні, ёсць пад’ём — без прымеркі абіраць абутак у гэтым выпадку складана», — расказвае па дарозе ў краму Надзея.

У сетцы Shagovita, дзе мы сёння будзем шопіцца, прадаецца абутак, які паўтарае анатамічныя асаблівасці ног. Усе чаравікі, туфлі і сандалі маюць супінатар, які дапамагае правільна размеркаваць нагрузку на ступню падчас хадзьбы.

На паліцах — памеры ад 19-га да 42-га. Так-так, хоць тут і абуваюцца дзеці, у некаторых з іх ногі ўжо ў першым класе амаль як у дарослых.

Як абраць правільны памер? Кансультанты Shagovita раяць папрасіць дзіцяці ўстаць падчас прымеркі, пасунуць пальцы нагі максімальна блізка да наска — калі паміж заднікам і нагой дзіцяці зможа прайсці палец — гэта добры варыянт на бліжэйшы сезон.

Ілля з Філіпам залятаюць у краму і адразу кідаюцца да спартыўнага абутку з яркімі матузкамі. У старэйшым узросце ў абнаўленні гардэроба з’яўляюцца новыя праблемы: не заўсёды тое, што падабаецца бацькам, аказвае такі ж ваў-эфект на дзяцей. Даводзіцца ісці на хітрыкі:

«Звычайна я стараюся звузіць ім выбар. Абіраю нешта сама, прапаноўваю — ім прасцей пагадзіцца. Калі ж сыны катэгарычна супраць, я іх не гвалтую: усё ж у дзяцей, на маю думку, павінна быць і сваё меркаванне, мусіць фарміравацца густ», — дзеліцца лайфхакамі ў выхаванні Надзея.

Кансультантка крамы Кацярына кажа, што сучасныя беларускія бацькі, як і дзеці Надзеі, аддаюць перавагу кэжуал-варыянтам, а не класіцы. А калі дазваляе школьная форма і дрэс-код, замест туфель чорнага колеру набываюць як мінімум сінія — ужо нейкая разнастайнасць.

Пасля некалькі прымерак і міні-спрэчак (Філіп, напрыклад, доўга не мог зразумець, чаму яму нельга новыя шлёпанцы, яшчэ ж лета на дварэ), сям’я спыняецца на вось гэтых парах.

«Перш за ўсё, у абутку я звяртаю ўвагу на матэрыял: ён павінен быць натуральным. І на свае тактыльныя адчуванні: калі я разумею, што заднік дубовы, цвёрды, такое я сваім дзецям не набуду. Плюсам будзе мяккая сцілка ўнутры. На гэтай пары для Філіпа спынілася ў тым ліку таму, што тут ёсць ліпучкі: у дзіцячым садку з імі будзе прасцей управіцца. Увогуле, мы стараемся мець як мінімум дзве пары абутку рознага прызначэння: дзве пары кед, дзве пары чаравікаў і гэтак далей. Не даю прызвычаіцца назе да пэўнай формы абутку», — тлумачыць свой выбар маці.

Пытаемся, наколькі такі падыход «б’е» па сямейным бюджэце.

«Нам пашанцавала, што ў нас абодва хлопчыкі. Таму калі абутак мае добры выгляд, то Філіп даношвае за Іллёй», — адказвае Надзея.

Каментар артапеда

У якасці эксперта сёння выступае дзіцячы траўматолаг-артапед медыцынскага цэнтра «Ладэ» Наталля Нарышкіна:

«Галоўная заўвага: непажадана, каб малодшыя дзеці даношвалі абутак за старэйшымі. Нават калі брат ці сястра пахадзілі ў абутку ўсяго месяц ці два і знешне ён выглядае яшчэ нічога. Справа ў тым, што калодка ўжо паспела паддацца эксплуатацыі нагі папярэдняга гаспадара. І калі абутак надзявае іншы чалавек, яго назе даводзіцца ці паддацца наяўнай дэфармацыі калодкі, ці наноў дэфармаваць яе пад сваю нагу — гэта няправільна. Трэба насіць свой, родны абутак».

Што яшчэ трэба ведаць пра фарміраванне ступняў у дзяцей, і як на гэта ўплывае абутак?

«Наша нага (падоўжны, папярочны звод ступні) актыўна фарміруецца да сямігадовага, школьнага ўзросту. Пасля ідзе працэс дафарміравання па меры росту ступні.

Мы ўсе нараджаемся з нагамі, якія перадаюцца нам у спадчыну ад бацькоў, бабуль і дзядуль. Але маючы магчымасць скарэктаваць нейкую праблему, мы павінны яе выкарыстоўваць — тым жа абуткам, напрыклад.

Амаль усе дзеці да трох год маюць уплашчэнне падоўжнага зводу ступняў — гэта нармальная фізіялагічная рыса. Фарміравацца звод пачынае з таго моманту, як дзіця ўстае на ногі — у чатыры гады звод ужо бачны. Сапраўдная дэфармацыя ступні, якой патрабуецца больш радыкальная карэкцыя (гіпсавымі павязкамі ці лангетамі), бачная ад нараджэння. Калі дзіця прамінула гэтую стадыю, значыць казаць нешта пра яго ступню можна будзе ўжо тады, калі яно стане на ногі: плоская ступня ці не, правільна стаіць ці не зусім.

У большасці дзяцей дашкольнага ўзросту маецца тая ці іншая дэфармацыя ніжняй канечнасці, у залежнасці ад таго, наколькі там добры мышачны каркас. Калі ён слабы, будзе х-вальгуснае адхіленне (пятка заваліцца ўнутр). Будзе варусная дэфармацыя — пятка заваліцца вонкі. Ад таго, наколькі дзіця дужае, будзе залежыць форма яго ступні.

Калі дзіця пачынае насіць абутак, абавязкова абірайце максімальна камфортныя варыянты. Добрая пара — гэта, перш за ўсё, устойлівы заднік, які выдатна ўтрымлівае пятку. Акрамя таго, абутак павінен быць з натуральнай сыравіны. Ні ў якім разе не сінтэтычны — барані божа нашых дзяцей ад такога.

Важная таксама зашпілька: пажадана, каб яна знаходзілася на ўзроўні шчыкалаткі, галёнкаступнёвага сустава.

Абавязковая прысутнасць супінатара — падушачкі, якая падтрымлівае звод ступні. Дзеці ў малым узросце мала сядзяць на месцы, яны пастаянна бегаюць і даследуюць свет — наяўнасць супінатара аблягчае працэс хады і змяншае стамляльнасць. А вось артапедычны абутак раю набываць толькі калі ў малых ёсць канкрэтныя праблемы.

Вось так выглядае ў абутку супінатар.

Вось так выглядае ў абутку супінатар.

Асобна скажу пра абцасы. Чым раней дзяўчаты стануць на высокія абцасы, а значыць сутыкнуцца з няправільным размеркаваннем вагі цела на плошчу ступні (яна будзе ісці, у асноўным, на пярэднюю яе частку), тым горш. Сваволіць з такімі рэчамі нельга. Максімальна дазволены абцас, пакуль нага фарміруецца, — 2-3 сантыметры, гэта зручна і правільна. Усё, што вышэй, канечне, прыгожа, але дрэнна ўплывае на здароўе.

Абутак трэба выбіраць памер у памер — дарослыя ж сабе не набываюць пару, у якой будуць «шлёпаць»? Калі хочацца зэканоміць, лепш эканомце на сукенках ці нагавіцах. Адзенне ніяк не фарміруе дзіцячую постаць. А вось добры абутак уплывае на такія рэчы.

Асноўная праблема, з якой да нас прыходзяць маленькія пацыенты — гэта плоска-вальгусная дэфармацыя ступні. Як зразумець, што трэба ісці да доктара? Самае першае — калі ваш нашчадак сам скардзіцца, што ў яго баляць ногі. Таксама трэба паказацца спецыялістам, калі дзеткі дрэнна спяць па начах і хутка стоптваюць абутак», — распавяла «НН» Наталля Нарышкіна.

А як вы абіраеце абутак дзецям? З якімі цяжкасцямі сутыкаліся? Пішыце ў каментарах!

ЗАТ «Гандлёвы дом «ШагаВіта» УНП 191296115

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?