26 жніўня на расійскім тэлеканале ТНТ стартуе новае рэаліці-шоу «Замуж за Бузаву». Мужчыны будуць змагацца за сэрца свецкай ільвіцы і спявачкі Вольгі Бузавай.
Як стала вядома, адным з удзельнікаў праграмы будзе беларускі вядучы і спявак Герман Цітоў, 33-гадовы вядучы «Нашай раніцы» на тэлеканале АНТ.
Сапраўднае імя Цітова — Дзмітрый Карпінчык, ён родам з Кобрына. Пасля школы паступіў у Гродзенскі каледж мастацтваў, пасля скончыў Універсітэт культуры. Творчы псеўданім узяў у гонар савецкага касманаўта.
Цітоў таксама кампазітар, ён пісаў музыку для Мікалая Баскава, Стаса Міхайлава, Наташы Каралёвай.
У сваім інстаграме адносна ўдзелу ў шоу «Замуж за Бузаву» ён напісаў: «Маё хваляванне на мяжы. Перажываю, што вы падумаеце на гэты конт. А ў вас ёсць такое, што вы залежыце ад меркавання асяроддзя?»
Вядучай «Дома-2» Вользе Бузавай 32 гады, яна была замужам за футбалістам Дзмітрыем Тарасавым. Бузава не выключае нават сэксу на новым рэаліці-шоу, але хутчэй за ўсё гэта проста замануха для гледача.





