Праз горад,
што прыснуў да ранку
як зьвер,
паранена драпежны,
iду бяз боязi,
нясьпешна.
Прыкладваю яму на ранку
жывы трыпутнiк свайго верша.
***
***
Цяпер ты можаш піць нагбом уладу
і марнатравіць людзкія надзеі,
але надыдзе час — і возьме плату
зь цябе народ за ўсе ліхія дзеі.
Надыдзе час — і люд захоча праўды.
І нават не яе, а толькі ведаў,
што зло не абмінула пакараньне,
і першым той, хто сам з дубінкай бегаў,
як раз цябе абвінавачваць стане.
Надыдзе час — і люд захоча праўды.
І нават не саму яе, а помсты
за тыя беды і за тую беднасьць,
куды завёў ты грамадзянаў простых.
А з помстай да людзей прыйходзіць еднасьць.
І мо на гэтай, зыбістай хоць, глебе
паўстане нацыя — і нацыя паўстане
на поўны рост, зусім ня дзеля хлеба,
а прага волі кіравацьме тым паўстаньнем.
І гледзячы,
як гмах тваёй улады
пераўтвараецца ў магільны камень,
адкрыеш ты, што жорсткі бог расплаты
жыве ў табою згвалтаваным храме.
***
***
* * *
Я ўкрыжаваны лёсам на крыжы,
які завуць у свеце Беларуссю.
Мой Бог, дапамажы!
Дапамажы, —
бо я не паміраю, а баюся.
Мне страшны не нябыт, не тагасьвет —
мне боязна за ўсіх на гэтым свеце:
што Юда схоча больш яшчэ манет
і Пётр не спыніцца на адрачэнні трэцім.
Мне страшна, што разбэшчаны натоўп
прысудзіць смерць Марыі Магдаліне,
што распачнуць зноў вавілонскі стоўп
і мова беларуская загіне.
Што, атрымаўшы мой хітон, жаўнер
даваць сасмяглым толькі воцат будзе…
Я не прашу, каб ратаваў мяне, —
малю, Гасподзь, зусім аб іншым цудзе:
хай мне гарэць у пекле на агні,
абы мой крыж у полымі не згінуў.
Элі!
Элі!
Лама савахфані!
Забі мой страх!
І выратуй краіну!
***
***
Забiрае Бог паэтаў год ад году.
Забiрае i бязродных, i Народных.
Ды а як iначай? Гэтаму народу
мова продкаў сталася няроднай.
Ён не разумее болей вершаў.
Ён не памятае словы гiмнаў.
I крывiцкi старадаўнi вершнiк
ў душах люду гэтага загiнуў.
Гонар, i каханьне, i свабода
перасталi адгукацца ў сэрцах.
Забiрае Бог паэтаў у народа,
як ратуюць абразы ад iншаверцаў.
Нiл. Генадзь. Рыгор. Сяргей. Уладзя.
Ян, Якуб, Максiм, Аркадзь, Кандраце,
Вы служылi людзям, а не ўладзе.
Тэрмiн службы скончыўся, прабачце.
…Ну, пара.
Па вечных цёмных водах
Сам вяслуючы ў адзеньнi зрэбным,
забiрае Бог паэтаў у народа.
Бо яны Яму яшчэ патрэбны.
***
***
Цэнтон
Уладзіміру Някляеву
Сёньня з раніцы на ўсходзе
надпіс зь белых бліскавіц:
ты ў сваім сьвятым народзе
быццам боскай тканкі ніць.
Хай адно Айчына за плячыма -
у неверагодным цудзе жыць
аніводнае няма прычыны,
каб не піць.
Цуды ўсе - ў адным-адзіным цудзе:
воля - і зь нябыту, і ў нябыт.
Лепей не было, дык горш ня будзе,
Бог на Волю ўсім дае іспыт.
Як і што там станецца з Айчынай, -
ўсё ў адхіст. Нічога не ўтрымаць. -
а яна адзіна за плячыма.
Нават калі ўся яна - турма.





