Журналіста і паэта Алеся Ліпая не стала 23 жніўня, яму было 52 гады. Пахаваюць Ліпая 26 жніўня на могілках у Рудзенску.

«Наша Ніва» згадвае значныя старонкі жыцця Алеся Ліпая.

Першы карэспандэнт Радыё «Свабода» ў Беларусі

Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна. Школу скончыў у самім раённым цэнтры, а потым вучыўся на журфаку БДУ.

У 1988 годзе Алесь Ліпай стаў першым карэспандэнтам Радыё «Свабода» ў Беларусі. Сам ён казаў, што супрацоўнік «Свабоды» Васіль Фрэйдкін проста тэлефанаваў ва ўсе рэдакцыі, каб атрымаць каментар адносна разгону шэсця на Дзяды. Пагадзіўся адзін Ліпай, якому і прапанавалі пасля сталае супрацоўніцтва.

Заснавальнік першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва

А ў 1991 годзе паўстала інфармацыйнае агенцтва БелаПАН. Працу першых супрацоўнікаў Ліпай аплачваў за ганарары, якія атрымліваў на Радыё «Свабода». Для Беларусі гэта былі вялізныя грошы, за якія можна было ўтрымліваць супрацоўнікаў.

Ліпай на той момант яшчэ працаваў рэдактарам навінаў у «Знамя юності». «Беларускія газеты на мяжы 90-х сутыкаліся з вялікім дэфіцытам інфармацыі, асабліва ў яе чыстым выглядзе, без ідэалагічнага шалупіння. Для газетчыкаў было відавочна, што тагачаснае ўрадавае інфармагенцтва БелТА не спраўляецца з функцыямі пастаўшчыка аператыўнай, а галоўнае, аб'ектыўнай інфармацыі», — казаў Ліпай. Так ён пачаў падштурхоўваць журналістаў «Знамёнкі» на ўласны праект.

Рашыліся толькі чацвёра: сам Ліпай, Віталь Цыганкоў, Зоя Галубнічая і Валерыя Іванова. Усе 27 гадоў з таго часу БелаПАН працуе без збояў. З’явіўся сайт-спадарожнік Naviny.by, адзін з найбольш папулярных беларускіх парталаў.

Браў інтэрв’ю ў тэрарыста

У 1996 годзе Алесь Ліпай браў інтэрв’ю ў тэрарыста, які ўзяў у закладнікі выхавацелек і дзяцей у дзіцячым садку. Ліпай згадваў, што да яго прыехалі людзі ў цывільным, які расказалі, што нападнік патрабуе журналіста Радыё «Свабода». «Грэх было гэтым не скарыстацца, дапамагаючы ратаваць дзяцей», — згадваў Ліпай.

Усіх закладнікаў атрымалася вызваліць, самога Ліпая адпусцілі з аўдыёзапісам інтэрв’ю. Калі ж гутарка была апублікаваная, то журналіста выклікалі ў КДБ, страшылі. Сам Алесь казаў, што гэта была вельмі цёмная справа і ён не разумее, навошта трэба было забіваць мужчыну, які ўзяў закладнікаў.

Вазіў кантрабандай кнігі

Алесь Ліпай быў прынцыпова беларускамоўным, ён карыстаўся нашай мовай і ў паўсядзённым побыце і пішучы вершы. Першая публікацыя была ў раёнцы «Слава працы», за яе атрымаў ганарар у памеры 3 рублёў.

Першы паэтычны зборнік Алеся Ліпая называўся «Пад снегам», другі — «Рэшта». Потым былі яшчэ «Абдымкі».

У яго былі добрыя адносіны з паэтамі і пісьменнікамі, на старонцы Ліпая ў фэйсбуку шмат здымкаў з Уладзімірам Някляевым, Адамам Глобусам, Уладзімірам Арловым, Змітром Вайцюшкевічам і іншымі.

Вось адзін з вершаў паэта Ліпая:

Забiрае Бог паэтаў год ад году.
Забiрае i бязродных, i Народных.
Ды а як iначай? Гэтаму народу
мова продкаў сталася няроднай.
Ён не разумее болей вершаў.
Ён не памятае словы гiмнаў.
I крывiцкi старадаўнi вершнiк
ў душах люду гэтага загiнуў.
Гонар, i каханьне, i свабода
перасталi адгукацца ў сэрцах.
Забiрае Бог паэтаў у народа,
як ратуюць абразы ад iншаверцаў.
…Ну, пара.
Па вечных цёмных водах
Сам вяслуючы ў адзеньнi зрэбным,
забiрае Бог паэтаў у народа.
Бо яны Яму яшчэ патрэбны.

Яшчэ ў савецкі час прывёз у Беларусь непадцэнзурны зборнік Янкі Купалы «Спадчына». Прывозіў ён у Беларусь і іншыя кнігі выдавецтва «Бацькаўшчына»: Андрэя Мрыя, Багдановіча і іншых. Вёз праз мяжу кантрабандай у фуры. Потым раздаваў гэтыя ўнікальныя эмігранцкія выданні ў школьныя бібліятэкі.

Дзень Волі і крымінальны пераслед

Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН было генеральным спонсарам свята на Дзень Волі, якое прайшло сёлета.

«Далучыць да святкавання 25 Сакавіка як мага больш людзей, пераўтварыць Дзень Волі ў агульнанацыянальнае свята — гэта не проста даніна памяці продкам, што змагаліся за свабоду, але і гарантыя нашага суверэнітэту на будучыню», — казаў Ліпай.

Ён выступіў палымянай прамовай ля Оперы. Многія звязвалі наезд сілавікоў на Ліпая менавіта з гэтым. У сярэдзіне ліпеня Дэпартамент фінансавых расследаванняў завёў крымінальную справу на Алеся Ліпая. Яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў на суму 173 тысячы рублёў.

Гэтыя грошы, імаверна, былі не асабістыя, а сабраныя для працы агенцтва БелаПАН. Падаткі былі кампенсаваныя дзяржаве, але крымінальную справу ўсё адно не спынілі. Нядаўна ж супрацоўнікі Следчага камітэта прыходзілі ў рэдакцыю БелаПАН з ператрусам па «справе БелТА». Калі стала вядома пра затрыманне журналісты Таццяны Каравянковай, то Ліпай як адрэзаў: «Мы цябе ў крыўду не дамо».

«БелаПАН і цяпер не на адным мне. Я гаварыў раней пра працу рэдакцыі, што асабліва не ўмешваюся ў іх дзейнасць. Тое, што сам стварыў, цяжка пакінуць, гэта — адно з маіх дзяцей. Я разумею, што рана ці позна гэта адбудзецца, але мне хацелася б, каб гэта адбылося як мага пазней. Нават калі дзеці вырастаюць, то імі апякуешся», — казаў Алесь Ліпай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?