Гэтым жніўнем дзіцячая каманда салігорскага «Шахцёра» (2003 г.н.) здзейсніла нерэальны футбольны трып, узяўшы ўдзел у міжнародным турніры ў паўночнакарэйскім Пхеньяне. Медалёў з самай закрытай краіны свету салігорцы дадому не прывезлі — занялі сёмае месца з васьмі ўдзельнікаў, — затое уражанняў — маса. Сваімі назіраннямі пра краіну Кім Чэн Ына з «Трыбунай» падзяліўся адзін з трэнераў беларускай каманды Дзмітрый Караткевіч.

— Дзмітрый, растлумачце, як наогул адбылася гэтая паездка?

— Я знаёмы з футбольным агентам Фёдарам Сікорскім, і прыкладна за месяц-два да пачатку турніра ён мне сказаў, што хоча прапанаваць некаторым нашым камандам паўдзельнічаць у турніры хлопцаў 2003 года нараджэння, які пройдзе ў КНДР. Нам удалося дамовіцца, што Сікорскі разгледзіць наш варыянт, калі раптам нехта адмовіцца. У выніку ў БАТЭ вельмі доўга ўзгаднялі свой удзел, а мы ўсе вельмі хутка вырашылі са сваім кіраўніцтвам і далі аператыўны адказ. 

— Каб трапіць у Паўночную Карэю, трэба запоўніць масу дакументаў?

— Яшчэ ў самалёце нам выдалі дэкларацыі, дзе трэба было прапісаць, што вязём, якія ў нас гаджэты, мінімальныя звесткі пра сябе, колькі валюты правозім і гэтак далей. Усё. Нейкіх папер, якія тычацца забаронаў, мы не запаўнялі. Але, да прыкладу, калі на стадыёне я засняў на тэлефон фатаграфію паўночнакарэйскага правадыра, да мяне з усіх бакоў падбеглі супрацоўнікі мясцовых спецслужбаў і папрасілі выдаліць фота. У гэтым плане там усё вельмі складана.

— З якімі забаронамі вам давялося сутыкнуцца ў Пхеньяне?

— У горад мы самастойна наогул не выходзілі. Прыехалі ў гатэль, нам падалі двух нібыта гідаў, якія, самі разумееце, былі супрацоўнікамі спецслужбаў. Акрамя таго, з намі быў азіяцкі агент — арганізатар паездкі і перакладчык. Турысты самастойна перасоўвацца па горадзе не могуць — з імі заўсёды павінна знаходзіцца суправаджэнне. Калі мы ехалі на трэніроўкі або матчы, гэтыя людзі сядалі ў аўтобус і суправаджалі нас. Ні направа, ні налева павярнуць мы не маглі. Але паводзілі сябе нашы гіды досыць добразычліва і прыязна. Адзін казаў толькі на карэйскай, увесь час усміхаўся, хадзіў, глядзеў і сядзеў з намі за сталом. Калі з'яўлялася нейкае пытанне, ён дапамагаў у яго вырашэнні.

Нас вазілі на экскурсію, у рэстаран, на стадыён. На гэтым усё. За адзінаццаць дзён за дзверы гатэля мы не выходзілі і праводзілі ў ім увесь вольны час.

— Гэта жорстка. І чым вы там займаліся?

— Жорсткага для нас нічога не было. Мы жылі ў найлепшым гатэлі краіны. Ён там адзін такі, і ў яго селяць усіх, хто прыязджае ў КНДР. Нагадвае чымсьці савецкія гасцініцы «Украіна» або «Космас» у Маскве. Манументальны 50-павярховы будынак. Усе маштабна, усё ў мармуры. Дзверы і ліфт адчыняюць адразу некалькі швейцараў. Жылі на 25 паверсе.

У маім пакоі быў тэлевізар, па якім транслявалі англамоўную «Аль-Джазіра», адзін кітайскі і два паўночнакарэйскія каналы. Што паказвалі? Класічную прапаганду: дэманстрацыю, Кім Чэн Ына, як людзі збіраюць яблыкі, кукурузу, канцэрт, падчас якога жанчына ў ваеннай форме выканала песню пад баян або акардэон. Чымсьці нагадвала «Песню года — 85». А вось інтэрнэту не было, і звязацца з кімсьці было вельмі праблематычна.

У рэстаране было шыкоўнае харчаванне. Кармілі паўночнакарэйскімі стравамі. Гэта азіяцкая кухня, але з невялікім акцэнтам на Савецкі Саюз. Нам падавалі нешта падобнае на аліўе. Была нейкая мясцовая капуста, парасткі пшаніцы, агуркі, памідоры, зеляніна. Мяса там вельмі своеасаблівае. Мы елі качку, і яна аказалася трохі сыраватая. Па мерках Паўночнай Карэі — гэта царскае харчаванне. Трэба разумець, што ў краіне нядаўна была вайна, людзі недаядалі, а ў нас шведскі стол, на якім стаялі сокі, разнастайныя прысмакі, садавіна.

Усяго гэтага было ў багацці. Нашым хлопцам ежа падабалася — набіралі сабе вялікія порцыі. Шмат чаго не з'ядалі, што для паўночнакарэйцаў было дзікім. Мы бачылі рэакцыю афіцыянтаў. Яны гэтага не разумелі.

Каля 5—7 чалавек за час турніра атруціліся. У хлопцаў была тэмпература да 39 градусаў, нястраўнасць. Аднак гэта я звязваю не толькі з нязвыклай ежай. У Пхеньяне былі вялікія перапады ў тэмпературы, вельмі моцна працавалі кандыцыянеры, пад якімі я сядзеў у куртцы. Моцная вільготнасць. Дождж прайшоў — і два дні не высыхалі лужыны. Шкарпэткі і бялізна тры дні не маглі высахнуць. І гэта пры тэмпературы ў 40 градусаў!

— Што вам забаранялі рабіць?

— Выходзіць за тэрыторыю гатэля, фатаграфаваць помнікі і выявы правадыроў. Каля помнікаў нават нельга было знаходзіцца.

— Што сабой уяўляюць паўночнакарэйцы? Што гэта за людзі?

— Строгі парадак і дысцыпліна. Вуліцы чыстыя. У горадзе вельмі шмат салдат і вайскоўцаў. Міліцыі амаль не было відаць, але ўсюды ёсць супрацоўнікі спецслужбаў. На скрыжаваннях у Пхеньяне можна ўбачыць рэгуліроўшчыкаў руху. Ім прасцей паставіць чалавека, чым святлафор. На дарогах практычна няма машын. А калі ты пад'язджаеш да пешаходнага пераходу, узнікае адчуванне, што аўтобус зараз паедзе па галовах. І ніхто на гэта не звяртае ўвагу. На пешаходным пераходзе галоўны — кіроўца. Ён сігналіць і ўсе разыходзяцца.

Звычайныя людзі кожны дзень выходзяць на вуліцы ў белых кашулях і завязаных чырвоных піянерскіх гальштуках. Пастаянна маршыруюць, ходзяць строем. А 6:30 раніцы ўсе ідуць на зарадку. Плошчы ўсе запоўненыя. Узнікла адчуванне, што яны там па сем гадзінаў сядзяць на кукішках.

У мясцовых жыхарах адчуваецца фанатычная і сляпая любоў да сваіх палітычных лідараў. Калі ў нас калісьці насілі значкі з выявай Леніна, то там — з Кім Ір Сэнам ці Кім Чэн Ірам. Носяць выключна бавоўну: кашулі, штаны, пінжакі. Пінжак, дарэчы, некаторыя апранаюць на голае цела.

Машын на дарогах мала. Але, нягледзячы на гэта, яны, як і мабільныя тэлефоны, інтэрнэт, ёсць ва ўсіх мясцовых сур'ёзных людзей. Проста ў масы ўсё гэта не пускаюць. Каб купіць ровар, трэба атрымаць дазвол партыі.

У краіне малыя заробкі, але калі патрэбна кватэра, — даюць. Камунальныя не плацяць. Марнаваць грошы асабліва няма на што. Там няма багацця прадуктаў або рэчаў. Але, у той жа час, ёсць крамы, умоўна кажучы, для блатных, дзе можна купіць стары камп'ютар або ноўтбук за 1200 долараў. 

— Гэта праўда, што турысты не маюць права ў КНДР карыстацца мясцовай валютай?

— Так. Але нас нікуды не выпускалі, таму мы ўсё куплялі ў гатэлі за даляры і еўра. У звычайны магазін неяк завезлі, але там не было чаго купляць. Прадаваліся гарэлка на жэньшэні, цыгарэты, чай і прымітыўныя магніты, лялькі. Нават з сувеніраў нічога талковага прывезці не ўдалося.

— Вы напісалі ў сябе ў інстаграме, што КНДР — краіна кантрастаў. Што мелі на ўвазе?

— Я б назваў Паўночную Карэю дзіўнай краінай. Нам паказалі толькі тое, што трэба было паказаць. Нас павезлі ў заапарк, і ён там проста шыкоўны. У ім прысутнічаюць усе віды жывёл: ад насарогаў да гіен. Пасля ўсіх павезлі, як разумею, у найлепшы рэстаран краіны.

Перад намі паставілі каля дзесяці страў. Узровень абслугоўвання афіцыянтаў — вар'яцкі. Я афіцыянтцы задаў пытанне: «А хто з мясцовых жыхароў можа дазволіць сабе прыйсці ў гэты рэстаран?» Дзяўчына адразу закаціла вочы, ёй нешта сказаў адзін з паўночнакарэйцаў, і яна адказала: «Кожны жыхар Паўночнай Карэі можа дазволіць сабе наведаць наш рэстаран». Гэта маразм. Бо звычайныя мясцовыя рабацягі нават не падыдуць да гэтага рэстарана. Але там усё паказана так, што Паўночная Карэя — гэта найлепшая краіна ў свеце, дзе ёсць усё, што трэба чалавеку для шчасця. У КНДР маршыруюць з барабанамі і атрымліваюць ад гэтага велізарнае задавальненне. Побач стаяць старыя савецкія пяціпавярхоўкі, а дзесьці непадалёк знаходзяцца футурыстычныя шматпавярхоўкі ў стылі сучасных будынкаў, якія ўзводзяць у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. У свеце такіх краін, як КНДР, няшмат. І калі ты гэта ўсё бачыш, то адчуваеш кантраст з іншымі дзяржавамі.

Там распаўсюджаны культ павагі да старэйшых. Людзі кланяюцца ўсім запар. Для нас гэта ўжо становіцца трохі дзіка. Усе дзеці ведаюць свае правы, і ў Беларусі некаторыя нават дазваляюць сабе гыркаць з выкладчыкамі, з трэнерамі, са старэйшымі. У КНДР такога няма. З выкладчыкам там — на вы і шэптам. Не дай бог, нешта адбудзецца, цябе адправяць на руднікі, адкуль ужо не вяртаюцца. Калі зборная КНДР на чэмпіянаце свету ў 2010-м прайграла Партугаліі, трэнера адправілі ў ссылку, а футбалісты проста не вярнуліся ў родную краіну. Чалавек разумеў: альбо перамог, альбо памёр. І гэта не метафара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0