З 29 жніўня матацыклісты, якія ездзяць на адным коле ці не трымаюцца за руль падчас руху, могуць пазбавіцца правоў.
Згодна з законам № 131-З ад 17 ліпеня «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь», артыкул 18.14 КаАП дапоўняць часткай 91: «кіраванне матацыклам, мапедам на адным коле, а таксама рух, пры якім асоба, што кіруе такім транспартным сродкам, не трымаецца за руль або не трымае ногі на педалях (падножцы)».
Змены ў заканадаўстве ўступяць у сілу 29 жніўня. З гэтага дня матацыклісты і мапедысты за язду без рук або на адным коле заплацяць штраф ад пяці да дзесяці базавых велічынь. Таксама яны могуць быць пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам да шасці месяцаў.





