Аляксандр Лукашэнка лічыць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа неардынарным палітыкам, хоць і не ва ўсім яго падтрымлівае. Пра гэта беларускі лідар заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1», што было паказана вечарам у нядзелю.

Лукашэнка расказаў, што тэматыка ўзаемаадносінаў з ЗША і падзей, якія адбываюцца ў гэтай краіне, падымалася падчас яго сустрэчы з Пуціным 22 жніўня ў Сочы. «Я быў ініцыятарам гэтага пытання. Я вельмі, можна так сказаць, старанна распытваў свайго калегу пра тое, што адбываецца з іх пункту гледжання — Расіі — у Злучаных Штатах Амерыкі. Тым больш я не хаваў і не хаваю, што я ж вельмі моцна заўзеў за Дональда Трампа. І публічна некалькі разоў выказваўся аб ходзе перадвыбарнай кампаніі ў ЗША на карысць фактычна Дональда Трампа», — адзначыў беларускі кіраўнік.

«Дональд Трамп сапраўды праамерыканскі. Для большасці грамадства. Але кагосьці ў эліце не задавальняе. І, на жаль, там грамадства расколатае на дзве часткі. Паколькі і дэмакраты, і рэспубліканцы прыкладна напалову раскалолі грамадства ЗША, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — У Злучаных Штатах Амерыкі большая частка грамадства, асабліва знізу, якая не з'яўляецца сёння нямой, падтрымлівае Дональда Трампа. Але эліце, нейкай частцы, асабліва дэмакратычнай, не падабаюцца паводзіны Трампа. Так, ён неардынарны палітык. Такога яшчэ не было, каб найбуйнейшая краіна ў свеце і яе прэзідэнт так актыўна дзейнічаў, і прытым такімі нестандартнымі метадамі».

«Я не ва ўсім яго падтрымліваю. Тым больш, можа, я чагосьці не разумею. Натуральна, некаторыя пытанні схаваныя ад усіх нас, і ад мяне ў тым ліку. Але ваяваць з усім светам, у тым ліку ў гандлі… Напэўна, гэта не зусім правільна. Але, я яшчэ раз падкрэсліваю, не ўсе мы, напэўна, ведаем, што там існуе і што адбываецца», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што калі Дональд Трамп адыдзе ад гэтай жорсткай рыторыкі, то «вельмі многае выйграе для Злучаных Штатаў Амерыкі». «І ён мае рацыю. Нядаўна сказаў, праўда, апраўдваючыся (мне гэта не падабаецца): «Вось, калі мне імпічмент абвесцяць, то ўсе бяднейшымі стануць». Які імпічмент? Трэба працаваць і трэба змагацца за свае ідэі», — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?