Як стала вядома «Нашай Ніве», у агенцтве «Мінск-Навіны» змяняецца кіраўніцтва — выканаўцам абавязкаў дырэктара з 28 жніўня стане экс-кіраўнік СТБ Юрый Казіятка.
Раней дырэктаркай была Кацярына Дубінская, а Казіятка быў яе намеснікам.
Інфармацыю пацвердзілі ў прыёмнай агенцтва, але згаданых асобаў на працоўных месцах сёння няма.
Юрый Казіятка.
***
Казіятка быў адстаўлены разам з Паўлам Якубовічам і Генадзем Давыдзькам у час лютаўскай ратацыі кіруючых кадраў СМІ.
СТБ ён узначальваў з 2005 года.
Пасля сыходу з тэлебачання Казіятка застаўся членам Савета Рэспублікі і трапіў у «Мінск-Навіны» намеснікам дырэктара, адказным «за развіццё».
Сваю прафесійную кар'еру Казіятка пачынаў на БТ у пачатку 2000-х, ён і Аляксандр Зімоўскі былі галоўнымі тварамі прапаганды ў той час.
Агенцтва «Мінск-Навіны» належыць Мінгарвыканкаму. У склад холдынга ўваходзяць газеты «Мінскі кур'ер» і «Вячэрні Мінск», часопіс «Арэлі», «Радыё Мінск» і сайт minsknews.by.





