Былы трактарыст з Тарнага справіўся са злодзеем без міліцыі, што забраўся ў яго дом. 73-гадовы дзядуля адправіў рэцыдывіста ў накаўт адным ударам левай рукі, пішуць Народныя навіны Віцебска.

Абкасіўшы свой участак на вуліцы Даніленкі, Юзаф Каласёнак вырашыў вярнуцца ў дом і пабачыў, што адна з шыбаў разбіта. На кухні ён застаў незнаёмца, які абшукваў памяшканне і складаў у сумку здабычу.

Далей адбылося тое, што на юрыдычнай мове завецца «захоп асобы, якая здзейсніла злачынства», а ў боксе — накаўтам. Адным ударам левай рукі пажылы віцябчук адправіў злодзея чакаць нарада міліцыі на падлозе кухні ў непрытомным стане.

— Затрыманы пенсіянерам мужчына ў міліцыі стаў скардзіцца на гаспадара дома, у які забраўся: маўляў, той ударыў яго рыдлёўкай, — распавёў «ННВ» афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віталь Сапроненка. — Аднак праверка паказала, што Юзаф Часлававіч справіўся са злачынцам голымі рукамі.

Сам Юзаф Каласёнак свой учынак геройскім не лічыць. А моцную руку тлумачыць тым, што шмат гадоў аддаў працы ў сельскай гаспадарцы, ды і цяпер, выйшаўшы на пенсію, без справы сядзець не прывык. Да пенсіі адважны віцяблянін амаль 40 гадоў адпрацаваў на гусенічным трактары, а цягавы высілак на рычагах муфты счаплення савецкіх «гусенічнікаў», якімі паварочваюць трактар, можа дасягаць 25 кілаграмаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0