Пасля забойства грамадзяніна Германіі — як мяркуецца, бежанцамі — у Хемніцы на ўсходзе Германіі пачаліся хваляванні, паведамляе DW.
У ноч з суботы на нядзелю ў Хемніцы забілі 35-гадовага грамадзяніна Германіі. Загінуў ён у выніку бойкі, у якой удзельнічалі, як заявіла мясцовая паліцыя, да 10 чалавек розных нацыянальнасцей. Пазней паліцыя арыштавала двух падазраваных — выхадцаў з Сірыі і Іраку.
На наступны дзень пасля забойства — у нядзелю, 26 жніўня, — у Хемніцы адбыліся два спантанныя мітынгі. Першы — па ініцыятыве мясцовага аддзялення правай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» — прайшоў на месцы бойкі. Прыйшлі каля ста чалавек. Усклалі кветкі, зрабілі некалькі прамоў і разышліся па дамах.
Увечары ў панядзелак, 27 жніўня, у Хемніцы зноў адбыліся беспарадкі, выкліканыя сутыкненнямі левых і правых радыкалаў.
На вуліцы горада ўвечары ў панядзелак выйшлі некалькі тысяч чалавек. Сярод іх былі як правапапулісты з гарадскога руху Pro Chemnitz («За Хемніц»), якія заклікалі разабрацца з мігрантамі, так і левыя актывісты з саюза Chemnitz Nazifrei («Хемніц без нацыстаў»).
У нейкі момант нацыяналісты, многія з якіх выйшлі на вуліцу ў спецыяльных масках і балаклавах, закрывалі твары, пачалі закідваць паліцыю і сваіх апанентаў «піратэхнікай і іншымі спадручнымі сродкамі». Паліцыя ў адказ выкарыстала вадамёты.
Паліцыя Хемніца чакае паўтарэння антымігранцкіх акцый у найбліжэйшы час.