Юрый Палітыка

Юрый Палітыка

Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк звярнуўся да генеральнага пракурора Украіны Юрыя Луцэнкі з просьбай арганізаваць праверку па факце прычынення цялесных пашкоджанняў грамадзяніну Беларусі Юрыю Палітыку, што ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА Чарнігава. Пра гэта паведамляе сайт беларускага ведамства.

У цяперашні час суд Новазаводскага раёна Чарнігава разглядае крымінальную справу па абвінавачванні Юрыя Палітыкі ў шпіянажы. Паводле наяўнай інфармацыі, маці Юрыя пасля наведвання сына 17 жніўня 2018 года ў следчым ізалятары звярнулася ў пасольства Беларусі ва Украіне з заявай аб збіцці яго сукамернікам.

У ходзе консульскага доступу да Юрыя Палітыкі 23 жніўня 2018 года гэта інфармацыя пацвердзілася. У выніку збіцця Юрыя выяўлены пералом скроневай косткі злева і гематома пад левым вокам.

«Як паведаміла консульская служба, перад інцыдэнтам, нягледзячы на пярэчанні, Юрыя Палітыку перавялі ў іншую камеру, пры гэтым адміністрацыя папраўчай установы выказвала пагрозы змяшчэння яго ў карцэр. Аб спланаваным характары здрэння сведчаць не выкліканы неабходнасцю перавод абвінавачанага ў іншую камеру і малазначная нагода для яго збіцця (паставіў пральны парашок не на сваё месца)», - гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры Беларусі.

Адзначаецца, што збіццё Юрыя Палітыкі адбылося 7 жніўня 2018 года - праз пяць дзён пасля сустрэчы намесніка генеральнага пракурора Беларусі Аляксея Стука з кіраўніцтвам Генеральнай пракуратуры Украіны.

Беларускі бок тады выказваў занепакоенасць сітуацыяй з Юрыем Палітыкам, звяртаў увагу на недазволеныя метады вядзення следства, у тым ліку прымяненне катаванняў і знявагаў.

«Варта канстатаваць, што мэтанакіраванае фізічнае і псіхаэмацыйнае ўздзеянне на Юрыя Палітыку з мэтай яго прымусу да прызнання віны ў прад'яўленым абвінавачаньні», - лічаць у ведамстве.

У лісце Аляксандр Канюк заклікаў ўкраінскага калегу прыняць належныя меры па забеспячэнні ўмоў утрымання Юрыя Палітыкі пад вартай, выключэнню магчымасці правакацый і прымянення да яго супрацьпраўнага ўздзеяння. Пытанне захавання падчас крымінальнага працэсу правоў Юрыя Палітыкі знаходзіцца на кантролі Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Грамадзяніна Беларусі затрымалі ў чэрвені 2017 года ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы. З чэрвеня яго трымаюць у чарнігаўскім СІЗА. Сам затрыманы сваю датычнасць да шпіёнскай дзейнасці адмаўляе і запэўнівае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?